Кацярына Леанідаўна Захарава

Захапленне гісторыяй Полацка не аднойчы станавілася для розных людзей неад’емнай часткай асабістага жыцця. Мінулае найстаражытнейшага беларускага горада прыцягвала ўвагу людзей розных, падчас зусім далёкіх ад гісторыі, прафесій. Так здарылася і ў жыцці палачанкі Кацярыны Леанідаўны Захаравай.

Першае яе знаёмства з краязнаўчай работай адбылося, калі Кацярына яшчэ вучылася ў полацкай школе № 2, дзе настаўнікам гісторыі працаваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны, які пасля яе заканчэння застаўся ў нашым горадзе. Пад яго кіраўніцтвам група школьнікаў вызначала імёны і прозвішчы салдат і афіцэраў, якія былі пахаваны на адных з полацкіх могілак. На кожнага з іх дзеці збіралі біяграфічныя матэрыялы. Падлеткамі была праведзена глыбокая пошукавая работа, у выніку чаго да месца пахавання сваіх бацькоў і дзядоў змаглі прыехаць шматлікія родзічы, што да таго часу не ведалі месца апошняга іх прытулку.

Пасля заканчэння Мінскага інстытута культуры Кацярына Леанідаўна вярнулася ў родны горад, дзе ўладкавалася бібліятэкарам у школу № 10. Болей за 12 год яна прысвяціла гэтай рабоце, паралельна з якой узначальвала краязнаўчы клуб для старшакласнікаў. Юнакі і дзяўчаты не проста вывучалі гісторыю Полацка, для іх арганізоўваліся сустрэчы з цікавымі асобамі. Гэтую школу ў свой час наведалі Ул. Арлоў, Лера Сом, Надзея Салодкая і іншыя. Наведвальнікі клуба чакалі кожную сустрэчу, да якой дзяўчаты самі ладзілі пачастункі. Наступныя пасяджэнні заўсёды прысвячаліся абмеркаванню ўбачанага і пачутага.

Жыццё не стаіць на месцы, патрабуе змен. К. Захарава ўладкавалася ў Занальны дзяржаўны архіў г. Полацка старшым архівістам. Прыкладна ў гэты час у архіве пачалі фарміравацца асабовыя фонды палачан, і новая супрацоўніца актыўна ўключылася ў гэтую справу. Яна стварыла асабовыя фонды М.А. Маніса, Н.П. Ярмак, А.І. Ладзісава і іншых. Гэта работа ўзмацніла цікавасць жанчыны да краязнаўства.

Праз колькі год Кацярына Захарава зноў узялася за кіраванне краязнаўчым гуртком, у школе № 6. Зацікаўленасць самаго кіраўніка станоўча паўплывала і на гурткоўцаў, самым таленавітым з якіх быў Сяргей Краснабаеў. Напісаныя за час іх сумеснай працы ў школе дзве даследчыя работы на гарадской краязнаўчай канферэнцыі сталі лепшымі, а на абласным конкурсе атрымалі дыплом другой ступені. Супрацоўніцтва вучня і настаўніка працягнулася і ў наступныя гады.

З 2006 года Кацярына Леанідаўна працуе ў Полацкім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы, дзе пад “сваё крыло” ўзяла краязнаўчы гурток “Мясцовае кола”. Ужо навучэнец каледжа, Сяргей Краснабаеў працягнуў сваю даследчыцкую дзейнасць. Усе напісаныя ім пад кіраўніцтвам К. Захаравай работы станавіліся лепшымі на гарадскіх краязнаўчых чытаннях у Полацку, а работа “Войной украденной детство” на конкурсе “Уроки Холокоста – путь к толерантности” (г. Масква) атрымала дыплом як лепшая краязнаўчая работа, а Кацярына Леанідаўна – як лепшы кіраўнік. З’явіліся і новыя актыўныя і зацікаўленыя гурткоўцы, работы якіх таксама ўдзельнічалі ў Полацкіх краязнаўчых чытаннях.

Кацярына Леанідаўна Захарава не толькі кіруе работай іншых, яна і сама з’яўляецца прыкладам даследчыка-краязнаўцы. Яе работы, прысвечаныя розным тэмам, знаёмы ўсім, хто цікавіцца і вывучае гісторыю Полацка: “Полоцкая школа бригадиров”, “Деятельность Полоцкого областного государственного архива (1944-1954 гг.)”, “Холокост на Полотчине глазами очевидцев”. Свае даследаванні К.Л. Захарава прадстаўляла на канферэнцыі, прысвечанай 80-годдзю Полацкага краязнаўчага музея, на Міжароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Великая Отечественная война в исторической судьбе белорусского народа” (г. Гродна), а таксама на канферэнцыях, якія праходзілі на базе навучальных устаноў нашай рэспублікі ў Брэсце, Віцебску, Мінску.

Каб стаць краязнаўцам, трэба толькі адно – любіць свой горад, сваю маленькую Радзіму, так, як любіць яго Кацярына Леанідаўна.