Мікалай Іванавіч Зорын

Роўна 100 год назад Полацк знаходзіўся ў чаканні вялікай падзеі - пераносу з Кіева мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай. Цэнтрам урачыстасцяў павінен быў стаць Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, закладзены князёўнай-манахіняй у ХІІ ст. Самое чаканне свята ў многіх людзей выклікала інтарэс не толькі да асобы нябеснай апякункі Беларусі, але і да гісторыі самага старажытнага беларускага горада. Аўтарам адной з прац, прысвечаных гэтай тэме, стаў полацкі выкладчык Мікалай Іванавіч Зорын. Ён напісаў кароткі гістарычны нарыс "Минувшее и настоящее г. Полоцка (К торжеству перенесения мощей пр. Евфросинии из Киева в Полоцк)", які выйшаў у полацкай друкарні Х.В. Клячко, той самай, дзе быў надрукаваны вядомы "Путеводитель по г. Полоцку", перавыдадзены ў наш час.

Мікалай Іванавіч Зорын нарадзіўся ў 1878 г. З 1 верасня 1908 г. ён стаў працаваць выкладчыкам методыкі рускай мовы ў Полацкай настаўніцкай семінарыі і адначасова выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў Полацкай жаночай гімназіі. Як успамінаў сам Мікалай Іванавіч, гады яго работы ў Полацку былі вельмі ажыўленымі. Акрамя педагагічнай працы малады Мікалай Зорын займаўся даследчыцкай дзейнасцю - вывучаў гісторыю "города-мученика". У пачатку 1910 г. рэдакцыя "Сельскага весніка", які выдаваўся ў Пецярбургу, звярнулася да Зорына з прапановай напісаць артыкул для часопіса пра жыццё і асветніцкую дзейнасць полацкай князёўны. Артыкул выйшаў з друку ў красавіку-маі 1910 г., а затым распаўсюдзіўся ў выглядзе асобных брашур. У тым жа годзе ў Полацку быў выдадзены і згаданы вышэй нарыс. Гэта праца складалася з дзвюх частак: "Минувшее", у якой асобкам быў выдзелены параграф "Достопримечательности г. Полоцка и его ближайших окрестностей", і "Настоящее г. Полоцка". Аповед пра старажытную гісторыю горада быў багата ілюстраваны цытатамі з "Слова о полку Ігореве". Аўтару ўдалося данесці да чытача думку пра невычэрпны запас матэрыяльнай і глыбіню духоўнай культуры старажытнага Полацка, яго самабытнасць і незалежнасць. Зорын быў упэўнены, што Полацк - "мать культуры" беларускага краю.

Восенню 1910 г., калі ў Віцебску быў зноў адкрыты настаўніцкі інстытут, маладога настаўніка Зорына перавялі на новае месца. Свае наступныя даследаванні Зорын прысвячаў ужо гэтаму гораду. Таленавіты педагог хутка пайшоў на павышэнне. У сакавіку 1916 г. ён быў прызначаны папячыцелем Віленскай вучэбнай акругі, а затым - інспектарам народных вучылішчаў Невельскага павета Віцебскай губерні.

Не разгубіўся М.І. Зорын і на крутым павароце гісторыі, не згас энтузіязм педагога-навукоўца і ў новай дзяржаве. У 1924 г. Мікалай Іванавіч прымаў у дзел у рабоце па ўдакладненню межаў паміж РСФСР і БССР шляхам абследавання этнаграфічнага складу насельніцтва Невельскага павета. За два гады ён разам са сваімі выхаванцамі сабраў багаты дыялекталагічны матэрыял, вывучыў гістарычнае мінулае краю. У далейшым, калі Зорын працаваў ужо ў Саратаўскім, а потым у Арэнбургскім педагагічных інстытутах, прага да даследаванняў не пакідала Мікалая Іванавіча. Ён удзельнічаў у складанні "Атласа гаворак рускай мовы паўднёва-ўсходняй часткі СССР". З 1954 г. Зорын працаваў дацэнтам кафедры рускай мовы Разанскага педагагічнага інстытута, дзе таксама займаўся навуковай работай. Ва ўзросце 80 гадоў Зорын выйшаў на пенсію. Але ён не перарваў сувязі з інстытутам, часта бываў там, часта і да яго наведваліся за парадай і дапамогай.

На ўсё жыццё Мікалай Іванавіч захаваў цёплыя пачуцці да горада, дзе пачалася яго працоўная дзейнасць. У 1971 г. яго ўнук, Б.Н. Левановіч, прыехаўшы працаваць у Полацк, прыйшоў у Полацкі краязнаўчы музей, пасля чаго і завязалася ліставанне супрацоўнікаў музея з М.І. Зорыным. Менавіта з лістоў самаго М. Зорына зараз вядомы некаторыя факты з жыцця "былога земляка, палачаніна", як ён сам сябе называў. Апошні свой экзэмпляр "Минувшего…" аўтар калісьці падараваў свайму ўнуку, і той без шкадавання перадаў кнігу дзеда музею.

Асоба М.І. Зорына, былога выкладчыка Полацкай настаўніцкай семінарыі, выклікала цікавасць і ў выкладчыкаў і навучэнцаў Полацкага педагагічнага вучылішча, якое з'яўлялася спадкаемцам семінарыі. Дырэктар вучылішча П.К. Пацэй прапанаваў Мікалаю Іванавічу завочна прыняць удзел у арганізацыі святкавання 100-годдзя ўстановы (1972 г.). Дасланыя М.І. Зорыным фотаздымкі, дакументы і іншыя матэрыялы дэманстраваліся на святочнай выстаўцы.

Апошні ліст у Полацк ад Мікалая Іванавіча Зорына прыйшоў у канцы 1972 г., калі яму было 94 гады. На жаль, больш пра лёс гэтага чалавека нічога не вядома. Аднак памяць аб ім жыве ў яго кнізе, да якой абавязкова звяртаецца кожны, хто вывучае гісторыю Полацка ці проста ёю цікавіцца. Апошні раз тэкст "Минувшего..." быў надрукаваны ў 1992 годзе на старонках першага нумара гісторыка-літаратурнага часопіса "Полоцкій летописецъ".