Асабістыя рэчы Івана Пятровіча Дэйніса


Экспазіцыйны комплекс прысвечаны Ганароваму грамадзяніну горада Полацка, краязнаўцу, педагогу Івану Пятровічу Дэйнісу (1900-1985). Няхай нарадзіўся Іван Пятровіч не ў Полацку (на свет ён з’явіўся ў г. Невелі), але ўсё яго жыццё, яго праца былі прысвечаны старажытнаму беларускаму гораду. Бацькі Івана Пятровіча пераехалі ў наш горад у пачатку мінулага стагоддзя. Настаўнікі па прафесіі, яны і свайму сыну прывілі любоў да ведаў, кніг, гісторыі. У экспазіцыі прадстаўлены швейцарскі гадзіннік фірмы "Perret & Fils Brenets", падараваны Івану бацькам з нагоды паступлення ў Віцебскую мужчынскую гімназію.

Вынікам яго даследчай дзейнасці працягам усяго жыцця сталі дзве вялікія работы "Полацкая даўніна" і "Полацк у ХХ стагоддзі", якія і сёння з'яўляюцца невычэрпнай крыніцай звестак па гісторыі нашага горада.

Маючы талент мастака, у 1978 г. І.П. Дэйніс стварыў пяць альбомаў "Полацкая даўніна", якія яшчэ пры жыцці аўтар перадаў у Полацкі краязнаўчы музей. Прадстаўлены сёння ў экспазіцыі музея ліст з выявай плана г. Полацка 1910 г. узяты з апошняга, пятага альбома.

З больш падрабязнай інфармацыяй пра гэтага чалавека можна пазнаёміцца па спасылцы: http://local.polotsk.museum.by/node/22715.