Дэнарый Казіміра IV Ягелончыка


Першыя манеты на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага пачалі чаканіць у канцы XIV — пачатку XV стст. На іх не былі адзначаны ні дата чаканкі, ні імя князя, што вельмі ўскладняе дакладнае вызначэнне часу вытворчасці і прыналежнасць таму ці іншаму ўладару.

Дэнарыі — так называліся першыя манеты ВКЛ — чаканіліся з расплюснутых кавалачкаў дрота. Сярэбраныя манеткі былі вельмі маленькімі і важылі каля 1 грама. Адрозніваюць некалькі тыпаў літоўскіх дэнарыяў. Яны розняцца выявамі на аверсе і рэверсе. Сучасныя даследчыкі звязваюць пачатак чаканкі манет ВКЛ з імем вялікага князя літоўскага Ягайлы (1377—1381, 1382—1392), але такія раннія манеты вельмі рэдкія, і ў беларускіх калекцыях іх няма. А вось манеты наступных уладароў знаходзяцца як у музейных зборах, так і ў прыватных калекцыях.

Прадстаўлены ў экспазіцыі Краязнаўчага музея дэнарый (іншая назва — пенязь) адносяць да часоў праўлення вялікага князя літоўскага Казіміра IV Ягелончыка (1440—1492). На аверсе манеты можна ўбачыць выяву герба «Калюмны» (ці «Слупы Гедзіміна» — геральдычны знак Вялікага Княства Літоўскага), на рэверсе змешчана выява вершніка на кані, з мячом у правай руцэ і чатырохканцовай шпорай знізу. Памер манеты — усяго 13 мм. У фонды музея-запаведніка дэнарый Казіміра IV паступіў у 1987 г.