Полацк у гады Лівонскай вайны (1558-1583)


Канец XV - сярэдзіна XVI ст. былі адзначаны шэрагам ваенных канфліктаў паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскай дзяржавай за дамінаванне ва Ўсходняй Еўропе. Буйнейшым з іх была Лівонская вайна, якая стала адной з самых кровапралітных войн у гісторыі Полацка.

Падчас ваенных дзеянняў у лютым 1563 г. у выніку двухтыднёвай аблогі Полацк быў узяты войскамі рускага цара Івана Грознага і на працягу шаснаццаці наступных гадоў знаходзіўся пад уладай Маскоўскай дзяржавы. У той перыяд па загадзе цара быў пабудаваны Ніжні, ці Стралецкі, замак, умацаваны дзесяцімятровай вышыні земляным валам. У жніўні 1579 г. пасля штурму горада войскамі пад камандаваннем Стэфана Баторыя Полацк увайшоў у склад Рэчы Паспалітай - дзяржавы, створанай на аснове федэрацыі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай.

Аднаўленне эканамічнага патэнцыялу Полацка заняло некалькі дзесяцігоддзяў, а колькасць насельніцтва, па меркаванні некаторых даследчыкаў, дасягнула даваенных паказчыкаў толькі ў сярэдзіне XVII ст.