Лівонскі шылінг (фальшывы)


Музеі прыцягваюць наведвальнікаў прадстаўленымі ў іх экспазіцыях арыгіналамі. Аднак бывае і так, што падробка з часам набывае гісторыка-культурнае значэнне і займае годнае месца ў музейнай вітрыне.

У экспазіцыі Краязнаўчага музея ўважлівы наведвальнік знойдзе фальшывы шылінг Лівонскага ордэна - невялікую медную манету дыяметрам 19 мм, чаканеную, верагодна, у Полацку ў сярэдзіне XVI ст. На аверсе яе намаляваны малы герб Рэвеля, на рэверсе - ордэнскі крыж. Менавіта з вытворчасцю фальшывых лівонскіх шылінгаў звязана меркаванне даследчыкаў пра існаванне ў нашым горадзе першага беларускага манетнага двара. На карысць гэтага кажа аб'ём вытворчасці фальшываманетчыкаў. Толькі па адным сведчанні канца XV ​​ст., было адчаканена больш за 800 тыс. манет.

Падробныя манеты Лівонскага ордэна сустракаюцца як адзінкавымі экземплярамі, так і ў скарбах. Адзін з іх быў знойдзены ў Полацку ў 1997 г. Арыгінальныя манеты чаканіліся з білону (непаўнавартаснае срэбра), у той час як фальшываманетчыкі выкарыстоўвалі медзь, латунь і срэбра. Гэтак жа як і на манетных дварах Лівоніі, чаканка фальшывак вялася неспалучанымі штэмпелямі - ніжні штэмпель быў замацаваны ў спецыяльнай падстаўцы, а верхні чаканшчык трымаў у руцэ, настаўляючы яго на падкладзеную нарыхтоўку. Гэтыя манеты маюць аднолькавы з арыгіналам памер, але адрозніваюцца масай, у тым ліку і паміж сабой.

Прага нажывы была такой моцнай, што вытворцаў падробак не спалохала нават жорсткая расправа над адным з фальшываманетчыкаў (па іншай версіі, збытчыкаў) у Рэвелі: няшчасны быў жыўцом звараны ў катле кіпячага алею.