“Меч вікінгаў”


У экспазіцыі Краязнаўчага музея, прысвечанай ваеннай гісторыі Полацка (века), прадстаўлены адзін з самых цікавых і ўнікальных прадметаў са збору НПГКМЗ - меч каралінгскага тыпу, або «меч вікінгаў», які адносіцца да X ст. Падобныя мячы выраблялі з VIII ст. на тэрыторыі Рэйнскай вобласці ў перыяд аб'яднання дзяржаў Заходняй Еўропы пад эгідай Карла Вялікага і яго нашчадкаў, чым і тлумачыцца назва тыпу мяча (адносіцца да эпохі Каралінгаў).

Асноўнай баявой халоднай зброяй аж да шырокага прымянення агнястрэльнай зброі (века) былі дзіды і баявыя сякеры. Меч жа з'яўляўся зброяй прафесійнага воіна, дарагой і не вельмі распаўсюджанай.
Жалезны меч, які захаваўся цалкам, быў знойдзены ў 1956 г. у Полацку на правым беразе Заходняй Дзвіны на глыбіні 3,5 м падчас будаўніцтва швейнай фабрыкі. Ёсць меркаванне, што знаходка паходзіць з разбуранага курганнага пахавання. Агульная даўжыня мяча складае 97 см, вага ў сучасным стане - 1260 г. Адносіцца да тыпу "V" (па міжнароднай класіфікацыі Яна Петэрсана). Складаецца з клінка і дзяржання, якое заканчваецца навершшам і аддзелена ад клінка крыжавінай.

На клінку «полацкага мяча» захаваўся надпіс «ULFBERHT» (Ульфберт), дапоўнены выявай крыжа паміж літарамі «Н» і «Т», пры гэтым літары «U» і «L» злітныя. Магчыма, надпіс толькі першапачаткова абазначаў імя франкскага майстра, а пазней назва, як знак адрознення і якасці, належыла шэрагу кузняў на тэрыторыі франкскай імперыі. Некаторыя даследчыкі лічаць, што такі знак якасці пераймалі скандынаўскія і іншыя нефранкскія майстры, дапускаючы пры гэтым скажэнні літар ці парушаючы іх паслядоўнасць.

У краінах Еўропы знойдзена больш за 100 мячоў з такім надпісам. На тэрыторыі краін былога Савецкага Саюза выяўлена 14 аналагічных знаходак і толькі 7 з кляймом «ULFBERHT» або рэшткамі надпісаў, выкананых лацінскімі літарамі.

Мячы ад «ULFBERHT» выраблялі з самага лепшага металу. Клінок зброі дадзенага тыпу быў скруглёным, разлічаным не на колючы выпад, а для нанясення моцных удараў. Да X ст. гандалёвыя шляхі распаўсюдзілі каралінгскія мячы вельмі шырока - у франка-кельтскія, скандынаўскія і славянскія рэгіёны.


Каралінгскі меч X ст.
Каралінгскі меч X ст. у экспазіцыі Краязнаўчага музея
Меч вікінгаў