Полацкія шахматы


У калекцыі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка знаходзяцца шахматныя фігуры XII–XVII стст. З гэтай старажытнай усходняй гульнёй, якая ўзнікла ў пачатку нашай эры, у еўрапейскіх краінах блізка пазнаёміліся толькі праз паўтысячагоддзя. Рыцарскае выхаванне ў сярэднявечнай Еўропе ўключала навучанне 7 рыцарскім дабрачыннасцям, сярод якіх – верхавая язда, фехтаванне, складанне вершаў у гонар дамы сэрца, прыдворны этыкет. Не многія ведаюць, што ў іх ліку значылася і ігра ў шахматы. Менавіта ў Заходняй Еўропе з'явілася назва персідскага «фярзя» – «каралева» ў адпаведнасці з сярэднявечным культам Цудоўнай Дамы. Галоўная фігура, якая ў персаў называлася «шах», ва ўсходніх славян атрымала назву «цар», і толькі з ХIX ст. – «кароль». «Слон» стаяў на шахматных дошках у Старажытнай Русі, а ў заходнееўрапейскіх шахматных баталіях прымаў удзел «біскуп» (у Англіі) ці «шут» (у Францыі).

На тэрыторыі сучаснай Беларусі шахматы былі асабліва папулярнымі ў ХII–ХIV стст. Вялікі князь Вітаўт, які жыў у ХIV–ХV стст., любіў адпачываць за ігрой у шахматы. У ХVI–ХVІІ стст. за гэтым займальным заняткам бавілі час людзі розных саслоўяў: князі, дружыннікі, рамеснікі, гандляры і г.д. Папулярнасць гульні ўзрастала, павялічваўся попыт на вырабы майстроў. У той час з'явілася і новая прафесія рамеснікаў-касцярэзаў – шахматнікі. Прафесіяналы займаліся вырабам непасрэдна шахматных набораў: майстэрскіх, выразаных рукамі для багатых людзей, і больш простых, вытачаных на такарным станку з косці, рагоў ласёў і аленяў. Драўляныя фігуркі ад рукі рабілі для сябе тыя, хто не мог набыць іх у рамесніка. Майстры-токары, выхадцы з беларускіх земляў, цаніліся ў суседніх дзяржавах. Для двароў Івана Грознага і Аляксея Міхайлавіча яны выразалі шахматныя камплекты і дошкі з слановай косці.

Сучасныя даследчыкі па мастацкіх асаблівасцях вырабаў падзяляюць іх на выяўленчыя («з тварыкам») і абстрактныя. У Беларусі знойдзена больш за 70 шахматных фігур, большасць з іх – на тэрыторыі Полацкай зямлі. У самім Полацку выяўлены 10 фігурак: каралі, каралева, слон, пешкі; а таксама фрагмент шахматы. Самая ранняя – кароль, зробленая з дрэва ў выглядзе елачкі, знойдзена ў 1988 г. на былым Вялікім пасадзе падчас раскопак пад кіраўніцтвам С.В. Тарасава. Аналагаў ёй на тэрыторыі нашай рэспублікі пакуль не знойдзена.

Адзіная ў Беларусі фігурка караля канца XVI – пачатку XVII стст., вытачаная з рога, са складаным арнаментам і слядамі інкрустацыі, магчыма, золатам прадстаўлена ў экспазіцыі Краязнаўчага музея. Яна была знойдзена падчас раскопак на былым Вялікім пасадзе пад кіраўніцтвам С.В. Тарасава ў 1987 г. «Кароль» выдатна захаваўся: тры высокія ярусы з двума колцавымі перахопамі, цыркульна-лінейны арнамент, завяршэнне ў выглядзе кароны.

Большасць шахматных фігур знойдзены ў адзіным экземпляры, а гэта значыць, што кожная адпавядае асобнаму ігральнаму камплекту. Такая вялікая колькасць камплектаў сведчыць пра высокую шахматную культуру нашых продкаў, да якой належалі розныя сацыяльныя пласты, а гэта было магчыма толькі ў грамадстве з высокім узроўнем развіцця духоўнай культуры.