Кніга «Rozmyślania dla księży świeckich o powinnościach chrześcijańskich»

З 1787 па 1820 гг. пры калегіўме езуітаў у Полацку дзейнічала тыпаграфія. За гэты час выйшла больш за 500 выданняў на польскай і лацінскай, а таксама нешматлікія выданні на рускай, італьянскай, нямецкай і французскай мовах. Гэта творы літаратараў-палемістаў XVI-XVII стст., рымскіх пісьменнікаў, філосафаў, літургічная літаратура, слоўнікі, а таксама падручнікі па ўсеагульнай геаграфіі і гісторыі Рыма, мастацтву рыторыкі і граматыцы лацінскай мовы.

Сярод гэтых кніг былі і тамы «Rozmyślania dla księży świeckich o powinnościach chrześcijańskich» (Разважанні для свецкіх ксяндзоў аб хрысціянскіх абавязках) (1799 г.) французскага тэолага Жозэфа Шэвасу. Адзін з гэтых тамоў прадстаўлены ў экспазіцыі Краязнаўчага музея Полацка. Кнігі прызначаліся для засваення абавязкаў духавенствам, а таксама для падрыхтоўкі святароў да службы і перадачы хрысціянскага вучэння веруючым. Паколькі ў канцы XVIII ст. Шэвасу друкаваў свае кнігі ананімна, на першай старонцы адсутнічала імя аўтара. У той жа час было вядома імя аўтара пераклада кнігі на польскую мову - Ян Беніслаўскі. Ён займаў пасаду цэнзара езуіцкай тыпаграфіі, удзельнічаў у перамовах з Рымскім Папам аб зацвярджэнні рымска-каталіцкага арцыбіскупства, а таксама захавання папярэдняга статусу ордэна езуітаў у Расійскай імперыі.