Рукапіс "Lustrator Polocki..."


У 1772 годзе пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай правабярэжная частка Полацка адышла да Расийскай імперыі. Мяжой дзвюх дзяржаў стала Заходняя Дзвіна. Полацкі езуцкі калегіўм апынуўся на тэрыторыі Расіі. Аднак і ў левабярэжным Полацку лад жыцця пачаў мяняцца. У 1773 годзе быў распушчаны ордэн езуітаў. Уся іх маёмасць перайшла да Адукацыйнай камісіі, якая павінна была правесці рэформу народнай адукацыі. У Полацк быў накіраваны люстратар Гілярый Абранпальскі з двума памочнікамі-перапісчыкамі, які ў 1774 годзе прадаставіў у архіў маршалка генеральнай канфедэрацыі ВКЛ Міхала Іераніма Радзівіла люстрацыю паезуіцкіх фальваркаў на левым беразе Дзвіны. Люстратар не проста праводзіў перапіс рухомай і нерухомай маёмасці, аналіз прыбыткаў і выдаткаў, але і прапаноўваў магчымыя шляхі павелічэння прыбытковасці земляў. На момант складання люстрацыі чысты прыбытак з тых фальваркаў складаў амаль 64 тысячы злотых. Гэтыя грошы ішлі на падтрымку школ і утрыманне настаўнікаў.

"Lustrator Polocki z Dobr Ex Iezuickih, ad Archivum J.O. Xcia; Jmci. Radziwilla, Mar. Gener. Konf.: W:X:L C.D." утрымлівае звесткі пра 9 найбольш буйных фальваркаў полацкіх езуітаў і з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі не толькі Полацка, але і сучасных вёсак Экімань, Казімірова, Мосар. На жаль, рукапіс захаваўся не поўнасцю: часткі А і В адсутнічаюць. Зааваныя часткі C і D - заключныя раздзелы люстрацыі - уяўляюць сабой вялікіх памераў сшытак з 36 старонак гербавай паперы ручнога адліву, у кардонным пераплёце з рэшткамі скураных упрыгожванняў. Аднак і ў такім выглядзе рукапіс патрабуе дэталёвага вывучэння і можа даць карысную інфармацыю свайму даследчыку.