Фаянсавая статуэтка птушкі

У другой палове XVII ст. Полацк ператварыўся ў велізарную будаўнічую пляцоўку, што змяніла знешні выгляд горада да непазнавальнасці. Адначасова ўзводяцца архітэктурныя комплексы каталіцкага і праваслаўнага манастыроў. У гэты ж час набірае абароты і прыватнае будаўніцтва. Будынкі набываюць барочныя формы з элементамі класіцызму.

Барока, як і ідэалогія сарматызму (культ дваранства ў Рэчы Паспалітай), у XVII ст. прадугледжвала неабходнасць набыцця паважаючымі сябе мяшчанамі і шляхціцамі прадметаў раскошы і прыхільнасць еўрапейскай модзе. У цырыманіяльных залах багатых дамоў можна было часта пабачыць каміны, верхнія паліцы якіх былі ўпрыгожаны статуэткамі. Менавіта для гэтай мэты служыла невялікая фаянсавая птушка, якая была знойдзена ў развале будынка XVIII ст. на адной з галоўных полацкіх вуліц. Статуэтка ў выглядзе голуба упрыгожана роспісам празрыстымі фарбамі па белай эмалі. Дробныя сколы распавядаюць пра яе доўгае выкарыстанне, бо добры фарфор і фаянс у той час мог дазволіць сабе далёка не кожны заможны мешчанін.

Фарфоравыя і фаянсавыя вырабы XVII ст., якія былі знойдзеныя ў Полацку, уяўляюць сабой вялікую рэдкасць.