Цікавыя дакументы з архіва П.Р. Ільмера


У XIX-ХХ стст. невялікія гарбарні і майстэрні адыгрывалі значную ролю ў прамысловасці горада Полацка. На беразе ракі Палата на вуліцы Плігаўскай у пачатку ХХ стагоддзя стаяла Паравая гарбарня, якая належала мешчаніну Я. Д. Шутко. У 1910 г. гэты завод набыў мешчанін П. Р. Ільмер і пасяліўся недалёка ад яго. Ужо ў наш час, у 1996 г., пры разборцы старога дома па вуліцы Ф. Скарыны (былая вуліца Плігаўская) быў выяўлены архіў Пінхуса Руманава Ільмера. Дакументы пачатку ХХ стагоддзя носяць у асноўным дзелавы характар. Гэта лісты з замовамі і прапановамі тавараў, паштоўкі з паведамленнямі, візітоўкі дзелавых партнёраў, прэйскуранты коштаў. Дзелавая перапіска дае ўяўленне аб шырокай геаграфіі закупак, паставак і дзелавых сувязяў уладальніка завода: Рыга, Варшава, Масква, Гамбург, Мінск, Растоў, Уральск і іншыя гарады. Ён імкнуўся заўсёды быць у курсе навінак. Для гэтага Ільмер выпісваў літаратуру па гарбарнай вытворчасці, наведваў гарадскую бібліятэку, чытаў часопіс "Русский кожевенник" - адзінае ў Расіі выданне па гарбарнай і абутковай прамысловасці. Самыя цікавыя лісты, паштоўкі і іншыя дакументы сёння кожны зацікаўлены можа ўбачыць у адной з вітрын нашага музея.