Полацк у пачатку ХХ ст.


У пачатку ХХ ст. Полацк працягваў развівацца як павятовы цэнтр Віцебскай губерні. Горад раскінуўся на абодвух берагах Заходняй Дзвіны і Палаты. У 1904 г. у ім пражывала каля 24 тыс. чалавек, больш за палову складала яўрэйскае насельніцтва.

Прамысловая вытворчасць горада насіла галоўным чынам дробнатаварны характар. Па стане на 1904 г. у Полацку налічвалася 288 рамесных майстэрняў і больш за 1000 рамеснікаў, сваю прадукцыю на мясцовыя і рэгіянальныя рынкі пастаўляла 8 заводаў і фабрык з агульнай колькасцю рабочых 55 чалавек. Неабходныя прадукты і тавары жыхары і госці горада маглі купіць у шматлікіх крамах і магазінах, а таксама на 7 полацкіх рынках.

У горадзе функцыянавала 3 праваслаўныя манастыры і 9 цэркваў, рымска-каталіцкі касцёл, стараверская царква, лютэранская кірха, больш за 20 сінагог. Адукацыю можна было атрымаць у адной з 23 навучальных устаноў, найбуйнейшымі з якіх былі Кадэцкі корпус, настаўніцкая семінарыя і жаночая гімназія.

Праз Полацк былі пракладзены Рыга-Арлоўская і Мікалаеўская чыгункі. З двух гарадскіх вакзалаў цягнікі адпраўляліся на Дзвінск, Рыгу, Варшаву, Сядлец, Вільню, Невель, Пецярбург, Віцебск, Маскву і Арол. Паміж Віцебскам і Дзвінскам праз Полацк па Заходняй Дзвіне былі арганізаваны параходныя зносіны.