Медаль "У памяць Крымскай вайны 1853-1856 гг."


Экспазіцыя Краязнаўчага музея змяшчае невялікую, але вельмі цікавую калекцыю фалерыстыкі. Два медаля гэтай калекцыі прысвечаны падзеям Крымскай вайны (1853-1856), наступствы якой прывялі да вялікіх змен у жыцці Расіі ў 60-70-я гг. XIX ст.

Медаль "У памяць Крымскай вайны 1853-1856 гг." быў заснаваны 26 жніўня 1856 г. да дня каранавання Аляксандра ІІ. Ён меў два варыянта - са светлай і цёмнай бронзы. Усяго на Санкт-Пецярбургскім і Екацярынбургскім манетных дварах было адчаканена больш 1 700 000 медалёў абодвух выглядаў.

На правым баку медаля выяўлены вензелі імператараў Мікалая І і Аляксандра ІІ, увянчаныя каронамі і асененыя прамянямі "ўсёвідушчага вока", змешчанага над імі. Унізе, пад вензелямі, уздоўж борціка медаля, размешчаны даты: "1853-1854-1855-1856". На адваротным баку змешчаны гарызантальны надпіс у пяць радкоў: " НА ТЯ – ГОСПОДИ – УПОВАХОМЪ, - ДА – НЕ ПОСТЫДИМИСЯ – ВО ВЕКИ ".

Медалямі са светлай бронзы на Георгіеўскай і Андрэеўскай стужках узнагароджваліся ўсе вайсковыя чыны, якія прымалі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях, чыны дзяржаўнага апалчэння і маларасійскіх казачых палкоў і сёстры літасці, якія выконвалі свае абавязкі на баявых пазіцыях. Медалі з цёмнай бронзы насілі на Ўладзімірскай і Аннінскай стужках усе вайсковыя чыны, якія знаходзіліся на дзейснай службе, купцы і ганаровыя грамадзянне, што аказалі фінансавую падтрымку дзяржаве падчас вайны, і нашчадкавыя дваране.

Узнагароджанне медалямі працягвалася да 26 жніўня 1859 г. За гэты час статут медаля дапаўняўся і ўдакладняўся. Пасля права на атрыманне медаля распаўсюдзілася і на замежнікаў, якія знаходзіліся на рускай службе, і каталіцкае духавенства.