Прыемныя ўспаміны ад Навума Гальпяровіча

Многія лічуць гонарам быць знаёмым з вялікім класікам беларускай літаратуры Уладзімірам Караткевічам. Сёння, у дзень яго 90-годдзя, хочацца ўзгадаць і ўспаміны вядомага беларускага паэта і журналіста Н.Я. Гальпяровіча, які меў шчасце сустракацца з Уладзімірам Сямёнавічам не раз.
Навум Гальпяровіч у адным са сваіх апавяданняў «Выйшаў сейбіт на нівы свае» пісаў: «Неяк у чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі, куды я хадзіў амаль кожны дзень, гартаючы свежыя нумары часопісаў, убачыў аповесць з незвычайнай назвай «Чазенія». Прабег вачамі першыя радкі і ... не змог адарвацца, пакуль не дачытаў да апошняга сказа «перевод с белорусского». Прыгоды беларуса ў далёкай усходняй тайзе, рамантычнае і прыгожае каханне - я акунуўся ў невядомы дагэтуль мне караткевічаўскі свет апантана, як ў вір. Я адчуў асалоду і высокае захапленне. Я быў здзіўлены тым, што нічога не ведаю пра беларускага пісьменніка, зусім непадобнага на ўсіх тых, каго я чытаў.
- Караткевіч? - спыталася бібліятэкарша. - Здаецца, у нас больш нічога няма. Пачакай, пашукаю па каталогу.
Так знайшоўся раман «Каласы пад сярпом тваім» у «Полымі». Я хадзіў у чытальную залу і чытаў па дзве гадзіны ў дзень.
І раптам у той жа самай цэнтральнай бібліятэцы я ўбачыў аб'яву пра сустрэчу з беларускімі пісьменнікамі І. Клазам і У. Караткевічам.
Народу сабралася няшмат - пераважна люд пажылы, па выглядзе настаўнікі, некаторых, як мясцовых літаратараў Барыса Фрэйдкіна, Арсена Войтава, я бачыў раней, калі яны выступалі ў нашай школе.
І Клаз, і Караткевіч гаварылі пра гісторыю. Я Клаза да гэтага нічога не чытаў, а на Караткевіча глядзеў з хваляваннем і цікаўнасцю. Высакаваты голас, крыху нечаканы для яго магутнай паставы, заварожваў не толькі незвычайнай маладосцю, а самім зместам таго, што гаварыў пісьменнік. Імёны князёў, якія я чуў упершыню, гаворка пра невядомае мне Вялікае Княства Літоўскае, Скарыну, Ефрасінню... Я разумеў, што ў маім жыцці адкрываецца новая старонка, што ў ім з'яўляецца новы змест, такі жаданы і вабны».
Наступная сустрэча з Караткевічам адбылася праз 2 гады, калі Навум Гальпяровіч працаваў у полацкай газеце «Сцяг камунізма». У маладога супрацоўніка аб тых часах таксама засталіся прыемныя ўспаміны, асабліва калі ўсе фатаграфаваліся на вісячым мастку праз Палату каля Сафійскага сабора. Уладзімір Караткевіч падчас фатаграфавання папрасіў Навума стаць паміж ім і Рыгорам Барадуліным, а потым прапанаваў даць назву здымку «Навум і невядомыя».
Апошні раз Навум Якаўлевіч сустракаўся з Уладзімірам Караткевічам ужо ў Мінску, у рэдакцыі часопіса «Маладосць». Ён запомніўся журналісту вясёлым, але крыху заклапочаным выглядам.
Прайшлі гады, але аб сустрэчах з Караткевічам Н.Я. Гальпяровіч не забыўся. Ён, стаўшы таксама значнай постаццю ў беларускай літаратуры, з задавальненнем дзеліцца сваімі ўспамінамі з чытачамі на старонках розных выданняў.