Падводзячы вынікі святкавання 120-годдзя Івана Пятровіча Дэйніса

Ужо амаль месяц супрацоўнікі Краязнаўчага музея у межах праекта «Я ўсё пакідаю палачанам» знаёмяць грамадскасць нашага горада з культурнай спадчынай, пакінутай сваім землякам вядомым полацкім педагогам і краязнаўцам Іванам Пятровічам Дэйнісам. Навуковыя супрацоўнікі музея сумесна з юнакамі з ляснога каледжа пад кіраўніцтвам Кацярыны Захаравай правялі некалькі сустрэч у гімназіі №2 і сярэдняй школе №18 імя Ефрасінні Полацкай, на якіх юнакі і дзяўчаты гэтых устаноў змаглі атрымаць шмат новай і цікавай інфармацыі аб мінулым іх роднага горада. У Краязнаўчым музеі на пляцоўцы стацыянарнай выставы «Ганаровыя грамадзяне горада Полацка» у межах гэтага праекта адбыўся адкрыты дыялог «Полацк у лёсе І.П. Дэйніса», у ходзе якога палачане, аматары гісторыі, адказвалі на пытанне «Якая роль І.П. Дэйніса ў лёсе кожнага з нас?». Напрыканцы сустрэчы многія выказалі жаданне праводзіць падобныя мерапрыемствы часцей.
Таксама па ініцыятыве супрацоўнікаў музея было арганізавана некалькі музейных гасціных для навучэнцаў педагагічнага каледжа, сярэдняй школы №1 і полацкай гімназіі №1. У межах гэтых мерапрыемстваў наведавальнікам было прапанавана не толькі паглядзець фільм-партрэт аб Ганаровым грамадзяніне г. Полацка І.П. Дэйнісе, але і самастойна пазнаёміцца з матэрыяламі, перададзенымі полацкім летапісцам у Краязнаўчы музей яшчэ пры жыцці. Гэтыя прадметы, якія сталі сёння часткай пастаяннай экспазіцыі, адносяцца да ліку ўнікальных. Шмат увагі да гісторыі жыцця і дзейнасці І.П. Дэйніса было ўдзелена і ў Полацкім лясным каледжы, дзе на працягу месяца праходзілі інфармацыйныя гадзіны і працавала выстава кніг, перададзеных Іванам Пятровічам у дар любімай навучальнай установе.
Культурна-асветніцкі праект, падрабязную інфармацыю аб якім можна знайсці на вэб-старонцы http://deinis120.tilda.ws/, падтрымалі некалькі філіялаў Полацкай раённай бібліятэчнай сістэмы і Занальны дзяржаўны архіў у г. Полацку. Там прайшлі кніжныя выставы і прэзентацыі рэдкіх архіўных дакументаў. Да завяршэння падыходзіць і стварэнне фільма-экскурсіі па Полацку 1920-х гг., працай над якім кіруюць загадчык Краязнаўчага музея Ірына Воднева і выкладчык Полацкага ляснога каледжа Мікалай Марчанка. Правядзенне цэлай серыі мерапрыемстваў у межах праекта, прысвечанага 120-годдзю І.П. Дэйніса, паказала, што вывучэнне гісторыі Полацка — працэс шматбаковы. У розны час былі людзі, якія захапляліся краязнаўствам і былі гатовыя падзяліцца сваімі даследаваннямі з тымі, хто сур'ёзна цікавіцца гісторыяй сваёй роднай зямлі. Памятаючы аб гэтым, мы зможам не толькі захаваць наша багатае мінулае, але і пабудаваць наша будучае.