Новы праект Краязнаўчага музея

Загадчык Краязнаўчага музея Полацка Ірына Пятроўна Воднева прыняла ўдзел у пасяджэнні метадычнага аб'яднання настаўнікаў горада. Яна прадставіла праект «Мне лёсам вызначаны Полацк...», распрацаваны на аснове стацыянарнай выставы «Ганаровыя грамадзяне горада Полацка», які прадугледжвае цеснае супрацоўніцтва музея з гарадской супольнасцю. У Год малой радзімы, калі дзяржаўная палітыка нашай рэспублікі накіравана на ўвагу да таго месца, дзе ты нарадзіўся і пачаў фарміравацца як асоба, актуальнай для падрастаючага пакалення становіцца тэма персаналізацыі гісторыі сваёй Айчыны. Мэтай праекта з'яўляецца ператварэнне стацыянарнай выставы ў культурную прастору для актыўнага дыялога «Музей-наведвальнік» на інтэлектуальным і духоўным узроўні, якая будзе спрыяць папулярызацыі дасягненняў беларускай культуры. У межах праекта прадугледжваецца арганізацыя тэматычных экскурсій, распрацоўка і правядзенне музейна-педагагічных заняткаў, прагляд відэафільмаў аб людзях, якія ўнеслі вялікі ўклад у развіццё Полацка. Рэалізацыя праекта павінна паспрыяць фарміраванню ў моладзі паважлівых адносін да дасягненняў старэйшага пакалення, а таксама пачуцця асабістай маральнай адказнасці за будучае горада.