Спачатку прыйшло слова, а потым паліліся песні…

Сёння ў Полацку пражывае вядомая беларуская паэтка, ганаровы грамадзянін горада Надзея Салодкая. Яна пачала ствараць вершы, маючы за плячыма ладны па колькасці гадоў і падзей жыццёвы шлях. Як вынік — каля дваццаці зборнікаў паэзіі на беларускай і рускай мовах. "Паэтычнае слова, якое дало жаданне жыць, — як казала сама Надзея Стэфанаўна, — а таксама разуменне і захапленне старых сяброў і прыток новых, сталі надзейным падмуркам для песень, якія паліліся бурлівай ракою". Кампазітары і выканаўцы Ізмаіл Капланаў, Нэлі Багуслаўская, Леанід Захлеўны, Ірына Афанасьева, Пётр Ялфімаў і іншыя падхапілі вершы Надзеі Салодкай і разнеслі іх па свеце. Кожны з іх адносяцца да слоў полацкай паэткі вельмі беражліва, дабаўляючы свой талент, сваё трапяткое яго разуменне.
Песні, напісаныя на словы паэткі з Полацка, заўсёды становяцца сапраўдным падарункам для тонкага слухача. У 2004 г. на сцэне Палаца культуры ААТ “Полацк-Шкловалакно” прайшоў канцэрт Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Нэлі Багуслаўскай і кампазітара Ізмаіла Капланава. З дваццаці шасці песень, якія былі выкананы — чатырнаццаць напісаны на вершы Надзеі Салодкай. Пасля кожнай з іх — шчырыя апладысменты і громкагучнае “брава”.
У ліпені гэтага года адбылася прэм’ера яшчэ адной песні, напісанай ў суладдзі двух творцаў – І. Капланава і Н. Салодкай —“Ой, гуляла мая доля”. Яна прагучала ў выкананні Заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Алёны Ланской. Сумесная праца вядомай беларускай спявачкі, яе творчай групы, і, зразумела, аўтараў песні, стала своеасабовай удзячнасцю роднай беларускай зямлі і яе людзям.