У імя перамогі: прысвячаецца чыгуначнікам Полацка 1940-х гг.


Гісторыя чыгуначных зносін у Полацку пачалася больш за 150 гадоў таму. Новы від транспарту хутка стаў выцясняць грузавыя і пасажырскія перавозкі на вялікія адлегласці па рачных і сухапутных дарогах. Яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны Полацк стаў буйным цэнтрам Заходняй чыгункі: праз горад ішлі цягнікі ў чатырох накірунках. Таму да 15 ліпеня 1941 г. пакуль Полацк не быў поўнасцю захоплены нямецка-фашысцкай арміяй, работнікі чыгункі сталі актыўнымі ўдзельнікамі эвакуацыі людзей і маёмасці. Падачу і адпраўку вагонаў і ўсіх эшалонаў, якія пакідалі Полацк, пад пастаяннымі бомбавымі ўдарамі варожай авіяцыі, ажыццяўляў начальнік вагоннага ўчастка станцыі Полацк Афанасій Васільевіч Глебаў. Калі вораг падыйшоў да гораду, А.В. Глебаў у ліку апошніх разам са штабам чыгуначнага вузла пакінуў станцыю. Праз Невель ён прыбыў у Вялікія Лукі, а адтуль — у Тамбоў на Ленінскую чыгунку, дзе амаль год працаваў цягніковым вагонным майстрам. У чэрвені 1942 г. А.В. Глебаў быў адкліканы ў паравозную калону № 3 і ў складзе цягніковай брыгады суправаджаў каштоўны эшалонны груз на Сталінградскі фронт, забяспечваючы яго захаванасць. Затым ён працягваў службу на Курскім і Беларускім накірунках. 5 лістапада 1943 г. «за особыя заслугі ў справе забеспячэння перавозак для фронту і народнай гаспадаркі і выбітныя дасягненні ў аднаўленні чыгуначнай гаспадаркі ў цяжкіх умовах ваеннага часу» Афанасію Васільевічу было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Ужо ў пасляваенны горад, у ліпені 1944 г., А.В. Глебаў быў накіраваны ў якасці начальніка вагоннага дэпо. Перад полацкімі чыгуначнікамі ў той няпросты час было пастаўлена некалькі задач – як мага хутчэй аднавіць вытворчыя памяшканні і вагонны парк, забяспечыць бесперапынны рух цягнікоў на Захад. За кароткі час полацкім чыгуначнікам трэба было расчысціць завалы разбуранага вакзала і дэпо, пабудаваць зямлянкі для службовых памяшканняў і жылля, а таксама прыстасаваць для працы кузавы разбітых нямецкіх вагонаў. На тэрыторыі вагоннага дэпо праводзіўся рамонт паравозаў, якім займаліся вопытныя спецыялісты з ліку былых работнікаў чыгуначнага вузла - таварышы Трызна, Жыгун, Чаховіч, Бражаловіч, Верашчагін. Яны вярнуліся ў горад ужо на другі дзень пасля яго вызвалення. Летам 1944 г. склад рабочых дэпо пашыраўся за кошт мясцовага насельніцтва, у асноўным жанчын і моладзі, палова з якіх не была нават знаёмай з тэхнічнымі працэсамі. Старыя работнікі дэпо, якіх узначальваў Канстанцін Прахожы, набіралі сабе ў брыгады да 25 чалавек і за кароткі прамежак часу навучалі іх асновам прамывачнага рамонту паравозаў. У так называемых «школах вытворчага вопыту» без адрыву ад вытворчасці праходзіла ў той час вывучэнне перадавых методык работы вядучых спецыялістаў галіны. Усяго за другую палову 1944 г. полацкімі чыгуначнікамі было навучана каля 150 пачаткоўцаў. За паспяховае выкананне асноўных паказчыкаў па выніках года Галоўнае Упраўленне Заходняй чыгункі сумесна з ваенным камандваннем фронту прадставілі да ўзнагарод 26 чыгуначнікаў 7-га аддзялення Полацкага ўчастка.
Чыгунка штогод перавозіць не толькі сотні пасажыраў, але і дзесяткі тысяч грузаў. З’яўляецца новы рухомы склад, адкрываюцца новыя маршруты. Яна была і застаецца галоўнай транспартнай артэрыяй, якая звязвае ў адзінае цэлае гарады і краіны. І за ўсёй гэтай сеткай сталёвых магістраляў стаяць вопытныя прафесіяналы, сярод якіх быў і Ганаровы грамадзянін горада Полацка Афанасій Васільевіч Глебаў, справу якога ў Полацку сёння працягваюць яго сыны.