Адраджэнне духоўнасці на Полаччыне: Ганаровы Патрыяршы экзарх усея Беларусі Філарэт

Штогод у Полацку 5 чэрвеня адзначаецца як дзень памяці Ефрасінні Полацкай – нябеснай заступніцы Беларусі. Для ўдзелу ў хрэсным ходзе з выпадку свята ў горад прыязджаюць сотні паломнікаў. А ўсяго некалькі дзесяцігоддзяў назад веруючыя і думаць аб гэтым не маглі.
Адраджэнню духоўнасці на Полаччыне спрыяла дзейнасць Патрыяршага
экзарха ўсея Беларусі Філарэта. Яго знаёмства з Беларуссю адбылося ў 1978 г., пасля прызначэння на пасаду Мітрапаліта Мінскага і Беларускага з адначасовым выкананнем абавязкаў Патрыяршага экзарха Заходняй Еўропы. У Беларусі ў той час дзейнічалі адна праваслаўная епархія і адзін манастыр - у Жыровічах. У Полацку дзеючай была тольі Спаса-Праабражэнская царква, у якой захоўваліся мошчы Ефрасінні Полацкай. Мітрапаліт Філарэт прыкладваў вялікія намаганні для адраджэння цэркваў і манастыроў на тэрыторыі Беларусі, аднак ва ўмовах панавання савецкай ідэалогіі гэта было амаль невыканальнай задачай. Восенню 1989 г., стаўшы Мітрапалітам Мінскім і Гродзенскім, Патрыяршым экзархам ўсея Беларусі, Філарэт ініцыяваў адраджэнне ў Полацку Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, апусцеўшага яшчэ ў 1961 г. За кароткі час быў адноўлены Крыжаўзвіжанскі сабор, рэканструявана манастырская звонніца. Летам 1990 г. у манастыры з’явіліся першыя манахіні. Пазней пачалася работа па ўзнаўленню Ефрасіннеўскага крыжа - шэдэўра ювелірнага мастацтва XII ст., згубленага падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1994 г. Мітрапаліт цяпер ужо Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы экзарх ўсея Беларусі Філарэт наведаў Іерусалім, адкуль прывёз часцінкі хрысціянскіх святыняў для Ефрасіннеўскага крыжа. У верасні 1997 г. копію крыжа прывезлі ў Полацк і асвяцілі. Праз тры гады ў Полацку быў адкрыты помнік Ефрасінні Полацкай, у асвячэнні якога ўдзельнічаў Патрыяршы экзарх ўсея Беларусі Філарэт. У 2006 г. па ўзору, захаваўшамуся на фотаздымках мінулага стагоддзя, была адноўлена срэбная рака для мошчаў Ефрасінні Полацкай. Асвячэнне яе ў 2007 г. таксама правёў сам Патрыяршы экзарх усея Беларусі Філарэт у прысутнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі, шматлікага духавенства і паломнікаў. У 2010 г. кіраўнік экзархата перадаў Спаса-Ефрасіннеўскаму манастыру спісак Эфескага абраза Божай Маці XVI ст.
Сёння Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр – цэнтр духоўнасці і рэлігійнай культуры. За заслугі перад нашым горадам Патрыяшаму экзарху ўсея Беларусі Філарэту прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін горада Полацка». У экспазіцыі Краязнаўчага музея прадстаўлены матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю гэтага выдатнага чалавека. Сярод іх - фотаальбом «Дивная симфония», выдадзены Спаса-Ефрасіннеўскім манастыром і прысвечаны кіраўніку экзархата.
2020 г. - юбілейны ў жыцці цяпер ужо Ганаровага Патрыяшага экзарха ўсея Беларусі Філарэта. Яго дзейнасць па вяртанню памяці Ефрасінні Полацкай і адраджэнню найстарэйшага на тэрыторыі нашай краіны, манастыра - адна з найбольш яскравых старонак у найноўшай гісторыі Беларускай праваслаўнай царквы.