Адкрыты дыялог «Полацк у лёсе І.П. Дэйніса»

5 лютага 2020 г. у Краязнаўчым музеі Полацка адбыўся адкрыты дыялог «Полацк у лёсе І.П. Дэйніса». На мерапрыемства, якое праходзіла ў межах праекта «Мне лёсам вызначаны Полацк…», прыйшлі каля 30 чалавек. На пытанне «Якую ролю адыграў І. П. Дэйніс у жыцці кожнага з нас?» паспрабавалі адказаць практычна ўсе з прысутных у зале. Старэйшы педагог горада, Ніна Уладзіміраўна Азернікава, распавяла аб падзеях паўвекавой даўнасці, аб цяжкасцях ваеннага часу, аб атмасферы, якая панавала ў сям'і Івана Пятровіча, яго захапленнях. Аповяд аб полацкім краязнаўцы працягнула Марыя Усцінаўна Бабко, якая яшчэ дзяўчынкай сустракалася з І.П. Дэйнісам у час гульняў у будынках былога кадэцкага корпуса і Мікалаеўскага сабора.

На сустрэчу прыйшлі і тыя, хто беражліва захоўвае спадчыну Івана Пятровіча — работнікі Занальнага архіва ў г. Полацку, Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Францыска Скарыны, бібліятэкі лясного каледжа. Актыўнымі ўдзельнікамі дыялога сталі і краязнаўцы Полаччыны Міхась Баўтовіч і Аляксандр Суднік, якія расказалі аб падрыхтоўцы рукапісаў І.П. Дэйніса, захоўваючыхся ў НПГКМЗ, да друку.

На агульнае пытанне мерапрыемства адказвалі і прысутныя педагогі розных навучальных устаноў горада. Яны звярнулі ўвагу на ўнікальнасць прац Івана Пятровіча, даступнасць яго матэрыялаў шырокаму колу чытальнікаў, а таксама на асабовую цікавасць да іх з боку вучняў пры падрыхтоўцы даследчых работ.

У канцы дыялога сярод яго ўдзельнікаў была праведзена віктарына па зместу кніг Івана Пятровіча, пераможцы якой атрымалі памятныя прызы ад арганізатараў. А завяршальным акордам сустрэчы стала чаяванне з пірагом і прысмакамі, а таксама абмен уражаннямі аб прайшоўшым мерапрыемстве.