Знак службовы "сельскі стараста"


У экспазіцыі Краязнаўчага музея прадстаўлены некалькі службовых знакаў, якія належалі розным служачым Расійскай імперыі. Сярод іх - службовы знак "сельскі стараста", выкананы з бронзы ў выглядзе круглай падвескі. На адным яго баку - рэльефны малюнак герба Расійскай імперыі і кругавы надпіс «сельский староста». На другім па цэнтры - вензель імператара Аляксандра II, увенчаны каронай, і надпіс па акружнасці "19 февраля 1861 года». Знак насіўся на шпільцы, або на тонкім ланцужку на шыі. Прадмет перададзены ў 1961 г. ад жыхара г. Полацка Самойленка.

Паняцце «сельскі стараста» было замацавана ў "Агульным Палажэнні аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці" ад 19 лютага 1861 г.

Стараста абіраўся сельскім сходам на трохгадовы тэрмін. Сельскі стараста займаўся справамі, якія тычыліся гаспадарчага і грамадскага жыцця абшчыны на падпарадкаваным яму ўчастку: сачыў за своечасовым зборам узносаў, за станам дарог і мастоў, разбіраў сямейныя спрэчкі і т.п. У выпадку неабходнасці ён павінен быў арганізаваць барацьбу з пажарам, павадкам або эпідэміяй. Акрамя таго, за дробныя ўчынкі стараста мог пасадзіць пад арышт тэрмінам да двух дзён, аштрафаваць на суму да 1 рубля або прызначыць выкананне грамадскіх работ.