Знак службовы "міравы суддзя"


У экспазіцыі Краязнаўчага музея прадстаўлены службовы знак міравога суддзі 1864 года. Гэта нагрудны знак у выглядзе ромба, выкананы з бронзы, з рэльефнай выявай герба Расійскай імперыі і надпісам "мировой судья 20 ноября 1864 г." на адным баку. Перададзены ў музей у 1961 г. ад Каспетава М.А.

Знак "міравы суддзя" быў заснаваны 31 снежня 1865 г. імператарам Аляксандрам II. Гэтаму папярэднічала судовая рэформа ад 20 лістапада 1864 года, у ходзе якой быў створаны інстытут міравых суддзяў. Павет разам з гарадамі, якія ўваходзілі ў яго склад, уяўляў сабой міравую акругу. Акруга дзялілася на ўчасткі, у кожным з якіх абіраўся ўчастковы міравы суддзя на трохгадовы тэрмін.

У міравыя суддзі абіраліся мясцовыя жыхары, якія былі не маладзей за 25 гадоў, з вышэйшай ці сярэдняй адукацыяй (не абавязкова юрыдычнай), якія валодалі зямлёй ці іншай нерухомасцю на суму не менш чым 15 тысяч рублёў, з не менш чым трохгадовым вопытам працы на пасадах, дзе маглі быць атрыманы практычныя навыкі ў судаводстве. Міравыя суды разбіралі дробныя грамадзянскія справы, а таксама справы аб злачынствах, дзе тэрмін пазбаўлення волі не перавышаў трох гадоў.

Для ўчастковых міравых суддзяў прадугледжвалася жалаванне. Калі міравы суддзя лічыў непрыстойным браць грошы пры такой пасадзе і адмаўляўся ад жалавання, яму прысвойвалася званне ганаровы міравы суддзя.