Знак службовы "валасны суддзя"


Службовы знак, які належаў валасному суддзі, можна ўбачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея. Знак, выкананы з бронзы, уяўляе сабой круглую падвеску. На адным баку - выява вензеля Аляксандра III і надпісы: "19 февраля 1861 г." і "12 июля 1889 г.". На другой - надпіс "волостной судья". У музей прадмет быў перададзены ў 1987 г.

Валасны суд - ніжэйшы выбарны сялянскі судовы орган у Расійскай імперыі - быў створаны ў ходзе сялянскай рэформы і падпісання Маніфеста аб адмене прыгоннага права ад 19 лютага 1861 г. Суд разбіраў маёмасныя спрэчкі, нязначныя справы з максімальным пакараннем у 15 сутак арышту, учыненых у межах воласці (тэрыторыі некалькіх сёлаў або вёсак) супраць асоб сялянскага саслоўя. Суд звычайна складаўся з чатырох суддзяў, якіх выбіраў валасны сход на 1 год. З 1889 г. склад суда прызначаўся на 3 гады земскімі начальнікамі, якія замянілі сабой міравых суддзяў.

Валасныя суддзі абіраліся з мясцовых жыхароў, старэйшых за 35 гадоў, якія не знаходзіліся пад судом і следствам і не займалі іншыя пасады ў воласці. Судаводства насіла спрошчаны характар: у суддзяў адсутнічала прафесійная падрыхтоўка, выносіліся рашэнні па вусных скаргах, не вяліся пратаколы.