Медаль «За ўціхамірванне польскага мецяжу 1863-1864 гг.»


Узімку 1863 г. на тэрыторыі польскіх і беларускіх земляў, якія ўвайшлі ў канцы XVIII ст. у склад Расійскай імперыі, успыхнула другое за апошнія 30 год нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Для яго падаўлення ў заходніх губернях быў размешчаны ваенны кантынгент колькасцю больш 100 тыс. чалавек. Да зімы наступнага года асноўныя сілы паўстанцаў былі пабіты. Для ўшаноўвання асоб, якія прымалі ўдзел у падаўленні паўстання, імператарскім дваром быў выпушчаны медаль "За ўціхамірванне польскага мецяжу 1863-1864 гг.". Яго можна ўбачыць і ў экспазіцыі Краязнаўчага музея. Медаль быў набыты ў прыватнай асобы ў 1989 г.

Гэта ўзнагарода была заснавана 1 студзеня 1865 г. і мела дзве разнавіднасці - са светлай і цёмнай бронзы.

На правым баку медаля, ва ўсё поле, знаходзіцца выява дзяржаўнага герба Расійскай імперыі. На адваротным баку - буйны кругавы надпіс: " ЗА УСМИРЕНИЕ ПОЛЬСКАГО МЯТЕЖА "; усярэдзіне яе змешчана ў адзін радок дата - "1863-1864".

Медалі са светлай бронзы атрымалі ўсе ваенныя чыны, а таксама казачыя палкі і конныя сотні, якія прымалі непасрэдны ўдзел у баявых дзеяннях. Гэты ж медаль выдавалі грамадзянскім асобам усіх саслоўяў, якія са зброяй у руках выступілі супраць паўстанцаў.

Медалём з цёмнай бронзы былі ўзнагароджаны вайсковыя чыны і службоўцы ваенных ведамстваў, якія знаходзіліся на тэрыторыі ваенных дзеянняў, але не прымалі ўдзела ў баявых аперацыях.

Медаль насіўся на грудзі, на стужцы колераў дзяржаўнага сцяга - з чорнай, жоўтай і белай палосамі аднолькавай шырыні. З 13 жніўня 1911 г., згодна з указам Мікалая II, параненыя і кантужаныя ў баях атрымалі магчымасць насіць гэтыя медалі на стужцы з бантам.