Калаўрот (калаварот)


Калаўрот — прыстасаванне для механічнага прадзення (выраб нітак з валокнаў ільну ці воўны). У сялянскім быце калаўрот выкарыстоўвалі з сярэдзіны XIX ст., асабліва ў раёнах інтэнсіўнага ільнаводства (на поўначы і ўсходзе сучаснай Беларусі). У паўднёвых раёнах часцей за ўсё пралі з дапамогай верацяна. Каштавалі калаўроты шмат, але пража атрымлівалася лепшай і больш роўнай, а працаваць на іх было хутчэй і зручней. З дапамогай механічнай прасніцы адначасова выконваліся тры дзеянні: выцягванне ніткі з кудзелі, скручванне і намотванне на катушку.

Вертыкальная прасніца, прадстаўленая ў экспазіцыі музея, была выраблена ў канцы XIX — пачатку XX стст. Яна складаецца з прадзільнага апарата і змешчанага пад ім кола, замацаванага паміж дзвюма стойками.

Калаўрот суправаджаў дзяўчыну ад нараджэння і да замужжа. Гэта неабходнае ў доме прыстасаванне клалі дзяўчынцы пад калыску для лячэння начнога плачу і ад спалоху. Бадай, лепшым падарункам жаніха сваёй нявесце быў новы калаўрот, зроблены і ўпрыгожаны яго рукамі.