Калыска (люлька, зыбка)


Амаль у кожнай сялянскай хаце была калыска - невялікі драўляны або плецены ложак, у якім калыхалі дзіця. Найбольшае распаўсюджанне мела падвясная калыска, якую прымацоўвалі пад столлю. Да таго ж падвясная калыска магла быць і пераноснай - яе лёгка можна было зняць з кручка і ўзяць з сабой у поле.

Падвешванне калыскі пад столлю было невыпадковым: у верхняй частцы памяшкання збіралася цёплае паветра. А яшчэ нашы продкі верылі, што ў падвешанай калысцы дзіця знаходзіцца пад «аховай» нябесных сіл. З калыскамі было звязана шмат павер'яў. Напрыклад, нельга было калыхаць пустую калыску, каб не наклікаць на малога хваробы і іншыя няшчасці. Дзіцячыя ложкі ніколі не выраблялі з асіны. Лічылася, што з гэтым дрэвам «сябруе» нячыстая сіла.

Калыска, прадстаўленая ў экспазіцыі музея, была зроблена ў 1930-1940-х гг. Мяленціем Усціновічам, жыхаром вёскі Балаі Віцебскай вобласці.