Берасцянка


У сялянскім побыце шырокае распаўсюджанне меў не толькі гліняны посуд, але і вырабы з бяросты (бярозавай кары). Такі посуд не прапускаў ваду, быў трывалым і ўстойлівым да гніення, доўга захоўваў свежасць прадуктаў. Да таго ж бяроста - прыродны антысептык.

Самым папулярным вырабам з бярозавай кары была берасцянка - невялікі кораб цыліндрычнай формы са шчыльнай накрыўкай. У ім захоўвалі мёд, смятану, крупы, прыправы і іншыя сыпучыя прадукты. У такім посудзе вада ці квас доўга заставаліся халоднымі нават у гарачае надвор'е. У вялікіх берасцянках захоўвалі малако, рыбу, салілі грыбы.

Часам бяростай апляталі гліняны посуд, што надавала яму трываласць. Пашкоджаныя гаршкі таксама апляталі, але ў печ такі берасцень ужо не ставілі, а выкарыстоўвалі для захоўвання прадуктаў.