Куфар


З XIX ст. у інтэр'еры сялянскай хаты атрымалі распаўсюджанне куфары, якія размяшчаліся каля сцяны ці ў куце. Куфар служыў для захоўвання адзення і бялізны, прадметаў хатняга ўжытку або якіх-небудзь каштоўных рэчаў. Пасаг для будучай нявесты, які пачыналі збіраць задоўга да вяселля, беражліва складалі ў куфар. Разам з гэтым «багаццем» дзяўчына пасля вяселля і пераязджала ў дом мужа.

Куфар у экспазіцыі музея ўяўляе сабой драўляную скрыню, акаваную металічнымі дужкамі, з адкідной крышкай на завесах. Гэты від мэблі мог таксама выконваць ролю стала, лавы і нават ложка. Куфары з нанесенымі на іх рознымі ўзорамі і разьбой упрыгожвалі і дапаўнялі інтэр'ер.