Кісялёўка


Незвычайная кручкаватая палка, падобная да качаргі – гэта кісялёўка, якую выкарыстоўвалі для прыгатавання старадаўняй беларускай стравы – аўсянага кісяля. Кісель атрымліваўся смачнейшы, калі яго гатавалі не з аўсянай мукі, а менавіта з аўса. Для гэтага авёс трэба было прасушыць, змалоць у жорнах. Увечары гаспадыня разводзіла драблёны авёс з цёплай вадой і ставіла на ноч у печ. Раніцай размешвала, працэджвала скрозь сіта, выціскаючы аўсяную шалупіну. Атрыманую вадкасць называлі цэжа. Яе ўлівалі ў кацёл і ставілі ў напаленую печ. Каб кісель атрымаўся смачным, кацёл не рэкамендавалася даставаць з печы. А вось для таго, каб кісель не падгарэў, яго памешвалі кісялёўкай, якая дапамагала засцерагчы рукі гаспадыні ад жару. Даўжыня кісялёўкі – 143 см, зроблена яна была ў 1940-я гг. на тэрыторыі Глыбоцкага раёна.