Лапці


Традыцыйным відам сялянскага абутку былі лапці. Іх плялі з лазовага або ліпавага лыка (мяккай часткі кары). Матэрыял нарыхтоўвалі ў чэрвені-жніўні, але да пляцення лапцей прыступалі восенню ці зімой, калі ўсе работы ў полі былі завершаны.

Ліпавыя галінкі замачвалі на ноч, а пасля разразалі на палоскі шырынёй да 2 см і даўжынёй 1,5-2 м. Затым здымалі верхні пласт кары.

У экспазіцыі музея прадстаўлены лапці касога пляцення, распаўсюджанага ў асноўным ва ўсходніх абласцях сучаснай Беларусі. Лапці такога пляцення часта называлі пахлапні. Яны маюць глыбокія насы, высокія бакі і запяткі. Лапці-пахлапні лічыліся святочным абуткам, іх насілі на працягу некалькіх гадоў. Апраналі такі абутак як на босую нагу, так і на анучы. Аборамі (доўгімі вяроўкамі) анучы замацоўваліся на ступні і абвязваліся крыж-накрыж амаль да каленяў.