Маслабойка


Да сярэдзіны XX ст. адным з самых неабходных прыстасаванняў у побыце сялян была маслабойка. У экспазіцыі музея можна ўбачыць такое прыстасаванне, вырабленае больш за паўстагоддзя таму майстрам Філіпам Андрэевічам Ермалаевым, жыхаром вёскі Ткачова Полацкага раёна. Маслабойка складаецца з трох частак: трохі завужанай уверсе драўлянай бойкі, круглай накрыўкі з адтулінай і ручкі-збівалкі ў выглядзе доўгага стрыжня з крыжавінай унізе.

Працэс збівання масла ўручную быў даволі цяжкім. У ёмістасць залівалі вяршкі або смятану, а потым рухалі ручку ўверх-уніз каля дзвюх гадзін. Для атрымання 1 кг масла неабходна было амаль 4 літры вяршкоў. Затым атрыманую масу вылівалі ў таз з халоднай вадой. Масла, што ўсплыла на паверхню, збіралі лыжкай і шчыльна ўкладвалі ў драўляную прамавугольную форму - масламерку. Фармоўка ставілася на ноч у халоднае месца, а раніцай быў гатовы брусок свежага масла.

Маслабойка