Карчага


Сваёй формай і роспісам вылучаецца высокі гліняны посуд - карчага. Посуд нагадвае антычную амфару - з выпуклым тулавам, дзвюма выгнутымі ручкамі і завужанай ніжняй часткай. Карчага знутры пакрыта палівай зялёнага колеру, звонку яе верхняя частка і ручкі ўпрыгожаны раслінным арнаментам жоўтай, аранжавай і зялёнай фарбамі.

У XIX-XX стст. у сялянскім побыце падобны посуд меў самае разнастайнае прызначэнне. Яго выкарыстоўвалі для награвання вады, гатавання піва, квасу, брагі, бучэння - кіпячэння бялізны са шчолакам (водны настой попелу, які замяняў мыла). Пры варцы піва гарлавіну карчагі закрывалі палатном і абмазвалі яго цестам. У печы цеста запякалася ў герметычны корак. У карчагах таксама захоўвалі саленні (грыбы, агуркі, капусту) або перавозілі зерне.