Брашура "Уголок немецкой оккупации"


Брашура была выпушчана летам 1918 г. у выдавецтве Петраградскага Савета Рабочых і Чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Пра аўтара брашуры Леаніда В-ік нам вядома толькі тое, што ён разам са сваёй вайсковай часцю знаходзіўся ў Полацку на працягу 1916 – пачатку 1917 гг., а таксама амаль два месяцы жыў у горадзе падчас самой акупацыі. Як піша сам аўтар, да стварэння дадзенай працы яго падштурхнула тое, што «…относительно населения оккупированных местностей вообще и Полоцка, в частности, распространяются совершенно извращенные, подчас явно нелепые слухи…».

У брашуры апісваюцца падзеі ў акупіраванным кайзераўскімі войскамі Полацку ў перыяд з лютага па чэрвень 1918 г. Са слоў аўтара брашуры, германскія войскі ўвайшлі ў горад увечары 25 лютага 1918 г. Першапачаткова германцы збіраліся прабыць там каля двух тыдняў, таму былі заняты ў асноўным пагрузкай у вагоны і вывязеннем маёмасці са складаў. Пад свае патрэбы германскія часці і камандаванне занялі будынкі Кадэцкага корпуса, лепшыя гасцініцы, а таксама большасць адміністрацыйных і прыватных мураваных будынкаў у цэнтры горада. З красавіка 1918 г. рэальная ўлада была поўнасцю сканцэнтравана ў руках акупантаў. Пры каменданце Брэйзінгу быў перавыбраны склад гарадской управы, праведзены вопіс усёй маёмасці палачан. За непаважлівае стаўленне да германскіх салдат палачан маглі пакараць штрафам у 200 нямецкіх марак ці чатырохтыднёвым арыштам. У красавіку многія члены гарадской Думы за "антынямецкую агітацыю" сталі ваеннапалоннымі і былі высланы ў канцэнтрацыйны лагер Гавельберг.

Акупацыя працягвалася восем месяцаў, але на пераадоленне яе наступстваў палачанам спатрэбілася болей за дзесяцігоддзе.