Прасліцы


Гліняныя прасліцы (старажытнарус. п р я с л е н ь) адносяцца да прадметаў побытавага прызначэння. Гэта гліняныя альбо каменныя грузікі са скразной круглай адтулінай, якія надзявалі на верацяно, каб павялічыць хуткасць яго вярчэння. Першыя прасліцы з'явіліся адначасова з узнікненнем прадзення і ткацтва ў часы позняга неаліта. Першапачаткова яны вырабляліся з гліны і абпальваліся на вогнішчы. Яны мелі разнастайную форму, вага складала прыблізна 16 г. Нярэдка прасліцы ўпрыгожваліся разнастайным арнаментам.

З сярэдзіны ХІ ст. мясцовая вытворчасць гліняных прасліцаў амаль спынілася ў сувязі з шырокім распаўсюджаннем прывазных шыферных вырабаў. Шыфер паступаў з адзінага ва Усходняй Еўропе радовішча ружовага шыферу каля Оўруча на Валыні. Шыферныя прасліцы сярод выяўленных археолагамі прадметаў імпарту займаюць першае месца. Усяго іх знойдзена болей за 800 экзэмпляраў. Вядома, што шыферныя прасліцы з прывезенага шыферу вырабляліся і на месцы. Оўручскія прасліцы ў ХІ-ХІІІ стст. мелі ў Полацку шырокае распаўсюджанне і выкарыстоўваліся нават ў ХІV ст. пасля разбурэння оўручскіх майстэрань.

На думку вядомага археолага і нумізмата В.Л. Яніна ў "безманетны перыяд" прасліцы маглі выкарыстоўвацца ў якасці плацёжнага сродка побач з ракавінамі каўры і футрам.

У экспазіцыі Краязнаўчага музея можна ўбачыць як прасліцы з гліны, так і з шыферу. Каменныя прасліцы, знойдзенныя ў Полацку, ружовага, радзей - шэрага, бэзавага адценняў. Яны былі перададзены ў музей пасля археалагічных раскопак пад кіраўніцтвам Г.В. Штыхава і С.В. Тарасава.