Драўляныя вырабы ХІІ-ХІІІ стст.


Наяўнасць у ваколіцах старажытнага Полацка вялікай колькасці густых лясоў садзейнічала развіццю ў дадзеным рэгіёне аднаго з самых распаўсюджанных відаў рамёстваў беларусаў - апрацоўцы дрэва. З драўніны выраблялі прылады працы, посуд, прадметы хатняга ўжытку, транспартныя сродкі. Найбольш распаўсюджанымі хвойнымі пародамі дрэва былі елка і сасна, з лісцевых парод перавагу аддавалі дубу і бярозе. Апрацоўка драўніны рабілася ў два прыёмы. Спачатку лес высякалі, затым, калі ён высыхаў, для чаго патрабавалася 2-3 месяцы, прыступалі да працы над вырабамі. Для работы з дрэвам выкарыстоўваліся сякеры, цёслы, долаты, скобелі, нажы, свёрлы, пілы, разцы.

У ХІ-ХІІІ стст. дрэваапрацоўчае рамяство мела спецыялізацыю на цяслярства, бандарства, разьбу па дрэву, такарную справу. Вядома, што токарамі па дрэву ў ХІІІ ст. выраблялася ўжо больш 25 відаў точанага посуду, сярод якога былі чашы, міскі, талеркі, кубкі, каўшы, шкатулкі і інш. У Краязнаўчым музеі можна ўбачыць незвычайныя вырабы з дрэва, зробленныя ў ХІІ-ХІІІ стст. полацкімі майстрамі. Адзін з прадметаў - гэта цацачная лодачка, з якой, магчыма, гуляла дзіця амаль 900 гадоў таму. Другі прадмет - невялікая цацка ХІІ ст. у выглядзе ідала, якая ўяўляла сабой нейкую істоту. Ураджвае сваёй багатай расліннай арнаментацыяй і фрагмент невядомага драўлянага вырабу ХІІІ ст., а таксама точаная нарыхтоўка посуду.