Вырабы з косці ХІ-ХІІІ стст


Косць была адным з папулярных матэрыялаў у майстроў старажытнага Полацка. Матэрыяламі служылі косці і рогі хатніх (часцей за ўсё буйная рагатая жывёла) і дзікіх жывёл (алень, лось, лань). З іх рабілі ручкі нажоў, пярсцёнкі, шахматныя фігуры, косці для гульні, грабяні, праколкі. Некаторыя віды касцяных матэрыялаў перад апрацоўкай размякчалі, распарваючы іх у кіпячай вадзе. Існавалі розныя спосабы мастацкай апрацоўкі косці і рога - разьба (рэзанне) і гравіроўка (выразанне ўзораў). Да прылад працы касцярэза адносіліся металічныя сякеры, разцы, шылы, нажы, свёрдлы, прыстасаванні для паліравання косці, такарны станок.

Самымі распаўсюджанымі вырабамі майстроў-касцярэзаў у Х-ХІ стст былі грабяні. Археолагамі ў Полацку знойдзены аднабаковыя грабяні, двухбаковыя і складзеныя з некалькіх пласцін, у якіх наразаліся зубцы. Двухбаковыя грабяні былі трапецыпадобнымі па форме. З аднаго боку яны мелі частыя, з другога боку - рэдкія зубы. Нярэдка для грабяней рабілі чахлы. Разнастайныя грабяні і адзін з чахлоў прадстаўлены ў экспазіцыі Краязнаўчага музея. Матэрыялам для іх служыў рог лася. Стандартнасць грабяней - сведчанне іх масавай рамеснай вытворчасці.

З косці рабіліся гузікі, плоскія і аб'ёмныя пацеркі, разнастайныя накладкі. Касцяным было дзевяціграннае арнаментаванае біла Х-ХІІІ стст. - дэталь кісценя - ударна-раздрабляючай зброй. Звычайнымі прыладамі працы ў гаспадарцы былі праколкі з косці. Касцяныя ручкі нажэй аздаблялі цыркульным арнаментам або лінейным арнаментам у выглядзе прамых, касых, зігзагападобных ліній. Арнамент наносіўся нажом-разцом або цыркулем. У Полацку сярод мясцовага насельніцтва былі распаўсюджаны косці для гульні ў бабкі. На ніх сустракаюцца знакі-меткі, надпісы.

Касцярэзная справа передавалася з пакалення ў пакаленне. Рамяство па апрацоўцы косці адрознівалася мастэрствам і высокім мастацкім густам.


Вырабы з косці ХІ-ХІІІ стст
Грабяні
Біла, дэталь кісценя
Косць для гульні