Гарбарна-шавецкае рамяство


Шырокае распаўсюджванне ў Полацку меў такі від рамеснай дзейнасці, як апрацоўка скуры. Гэтаму спрыяла блізкасць вады, якую актыўна выкарыстоўвалі ў рамястве. Вядома, што для апрацоўкі адной скуры патрэбна ад 30 да 50 літраў вады. Сыравінай служылі скуры буйной і радзей дробнай рагатай жывёлы. Старажытныя гарбары выраблялі скуру розных гатункаў, фарбавалі ў чорны або чырвоны колер.

У Полацку самыя шматлікія знаходкі сярод скураных вырабаў гэта - абутак. Па тыпу канструкцыі нарыхтоўкі ён падзяляецца на поршні, чаравікі, туфлі, паўбоцікі, боты. Пры раскопках на Верхнім замку была знойдзена сандаля, якая, верагодна, прыналежыла прадстаўніку духавенства.

Спачатку рамеснік праводзіў раскрой скуры з дапамогай выкраек. Самай складанай была выкрайка верху. Затым дэталі зшывалі льнянымі навошчанымі ніткамі (дратвой). Гатовы абутак выварочвалі і працягвалі шнуркі. А вось вышыўкай ўпрыгожвалі полацкія боцікі і туфлі не часта. У Краязнаўчым музеі можна ўбачыць адну з дэталяў скуранога абутку і фрагментаваны дзіцячы боцік ХІІ-ХІІІ стст.

Сярод экспанатаў Краязнаўчага музея ўражваюць цудоўна захаваныя скураныя похвы ад кінжала і так званыя кашалькі. Апошнія па форме і канструкцыі былі прамакутнымі, акруглымі і сцяжнымі, шыліся з аднаго або некалькіх кавалкаў скуры. Такія кашалькі-сумачкі служылі футараламі для грэбняў, ёмістасцямі для пераноскі розных дробных рэчаў. У музеі прадстаўлена таксама скураная дэталь чорнага колеру ад невядомага вырабу са слядамі ад іголкі і інкрустацыяй трынаццаццю металічнымі кружкамі.

У Полацку гарбарнае рамяство існавала як самастойная галіна гарадскога рамяства. Старажытныя гарбары адначасова з'яўляліся і шаўцамі. Аднак канчатковага падзелу ў ХІІІ ст. паміж гарбарным і шавецкім рамяством яшчэ не адбылося.


Дэталь абутку
Боцік
Похвы для кінжала
Кашалёк
Дэталь з інкрустацыяй