Дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй калгасамі


У выніку праведзенай у СССР у 1920-1930-х гг. калектывізацыі замест аднаасобных сялянскіх гаспадарак былі створаны сельскагаспадарчыя арцелі (калгасы) і саўгасы. Прыкладны Статут сельскагаспадарчай арцелі, прыняты ў лютым 1935 г., у якім былі сфармуляваны мэты і задачы арцелі, вызначаны правы і абавязкі яе членаў, побач з Канстытуцыяй СССР пацвярджаў непахіснасць нацыяналізацыі зямлі як асновы зямельнага ладу і прынцып устойлівасці калгаснага землекарыстання. Зямля з’яўлялася дзяржаўнай уласнасцю, г.зн. усенародным набыткам. Зямля, занятая калгасамі, замацоўвалася за імі ў бясплатнае і бестэрміновае карыстанне, г.зн. навечна. У пацверджанне гэтага кожнаму калгасу выдаваўся Дзяржаўны акт на бестэрміновае (вечнае) карыстанне зямлёй з указаннем дакладных межаў і плошчаў землекарыстання.

Працэдура атрымання акта была наступнай: праект землеўпарадкавання абмяркоўваўся на агульным сходзе калгаснікаў, затым зацвярджаўся выканкамам раённага Савета, і пасля гэтага знешнія межы замацоўваліся межавымі знакамі; затым складаўся Дзяржаўны акт на вечнае карыстанне зямлёй у двух экзэмплярах, у якім указвалася агульная плошча зямлі, замацаванай за землекарыстальнікам, а таксама плошчы асноўных сяльгасугоддзяў на дадзеным участку, утрымліваўся план зямельнага ўчастка і апісанне яго межаў. Адзін экзэмпляр за подпісамі старшыні райвыканкама, загадчыка раённага зямельнага аддзела і старшага землеўпарадкавальніка раённага зямельнага аддзела ва ўрачыстай абстаноўцы (на сходзе калгаснікаў) выдаваўся калгасу, а другі заставаўся на захаванне ў райвыканкаме.

У экспазіцыі прадстаўлены экзэмпляр Акта на вечнае карыстанне зямлёй, выдадзенага 22 снежня 1935 г. сельскагаспадарчай арцелі "Другая пяцігодка" вёскі Катляны Полацкага раёна. Акрамя асноўных межаў тэрыторыі арцелі на план дадаткова нанесены межы зямельнага ўчастка, замацаванага за гаспадаркай у снежні 1937 г.