Развіццё сельскай гаспадаркі і прамысловасці. 1930-я.


У 1929 г. была аб'яўлена ўсеагульная калектывізацыя. Для падтрымкі калгасаў у Полацку былі створаны МТС (машынна-трактарныя станцыі), а ў пачатку 1930 г. адкрыты паўгадавыя курсы па падрыхтоўцы трактарыстаў. Гарадская партыйная арганізацыя адпраўляла камуністаў у вакольныя калгасы на працу. Рабочыя Полацка збіралі грошы на набыццё трактароў для калгасаў.

З канца 1920-х гг. у рэспубліцы праводзілася індустрыялізацыя. У памежным Полацку развівалася пераважна дробная таварная вытворчасць, якая забяспечвала мясцовыя патрэбы. У гады першай пяцігодкі было праведзена будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых прадпрыемстваў. Ужо к сярэдзіне 1930-х гг. у горадзе працавалі цэглавы завод, лесазавод, птушкакамбінат, мясакамбінат, хлебакамбінат, дзясяткі арцеляў, рамесных і сельскагаспадарчых майстэрняў.

Полацк паступова стаў буйным эканамічным цэнтрам, які забяспечваў патрэбы раёнаў паўночна-заходняй часткі БССР. Для паскарэння тэмпаў індустрыялізацыі разгарнуўся рух па сацыялістычным спаборніцтве і ўдарніцтву.