Рукапіс Янкі Ліпаўкі


У фондах НПГКМЗ захоўваецца калекцыя матэрыялаў былога выкладчыка Полацкага педагагічнага тэхнікума Івана Сямёнавіча Шчаснага, які з 1928 па 1936 г. выкладаў беларускую літаратуру і кіраваў літаратурным гуртком, у якім займаліся маладыя пісьменнікі Полаччыны. У калекцыі І.С. Шчаснага захоўваецца агульны сшытак з успамінамі і творамі студэнта педтэхнікума Янкі Сымонавіча Ліпаўкі. Рукапіс датуецца канцом 1920-х гг. Створаны ён быў па замове І.С. Шчаснага, але мэту вызначыць сёння даволі складана.

Змест рукапісу ўмоўна можна падзяліць на дзве часткі - прадмову і зборнік твораў. У прадмове Янка Ліпаўка змясціў аўтабіяграфію: нарадзіўся 14 кастрычніка 1908 г. на Полаччыне ў сялянскай сям'і, вельмі любіў чытаць і прагнуў ведаў. За гады вучобы "беларускую літаратуру прачытаў амаль усю, за выключэннем тэй, якую нельга было дастаць". У 1927 г. Я. Ліпаўка напісаў свой першы твор, за што быў прыняты ў літаратурны гурток.

Другая частка рукапісу ўтрымлівае сорак тры вершы і два апавяданні, напісаныя ў 1927-1929 гг. У сшытак, які сёння экспануецца ў Краязнаўчым музеі, аўтар запісаў усе свае творы, якія захаваліся, бо многія ён сам знішчаў, калі лічыў, што твор не варты ўвагі грамадства. Асобныя яго вершы друкаваліся ў мясцовай газеце "Чырвоная Полаччына". У пачатку 1930-х гг. прыхільнікаў развіцця нацыянальнай культуры, у ліку якіх быў і Янка Ліпаўка, залічылі ў "ворагі сацыялізму", многіх рэпрэсіравалі. Як склаўся лёс Я. Ліпаўкі на сённяшні дзень не вядома.