Палітыка беларусізацыі ў Полацку


Асноўнай задачай новай нацыянальнай палітыкі, што праводзілася з 1924 г., было развіццё беларускай культуры і мовы, якая стала дзяржаўнай побач з рускай, польскай і яўрэйскай. У Полацк даслалі выкладчыкаў з БДУ, Інбелкульта, курсаў беларусазнаўства. З'явіліся кнігі, газеты, часопісы на нацыянальнай мове, на якую перакладалася ўся дакументацыя, шыльды, вялося справаводства.

Пачатковая школа была пераведзена на беларускую мову, у сямігодках Полацка, лясным і педагагічным тэхнікумах уведзена абавязковае вывучэнне нацыянальнай мовы, літаратуры, геаграфіі, гісторыі і эканомікі рэспублікі. Шырокае распаўсюджанне атрымала краязнаўства.

У 1925 г. на базе студыі пры Полацкім педтэхнікуме быў арганізаваны філіял усебеларускага літаратурнага аб'яднання “Маладняк”. Маладыя літаратары выпусцілі два літаратурныя альманахі і зборнік твораў. Іх вершы і апавяданні публікаваліся ў мясцовай газеце “Чырвоная Полаччына”.

Рост нацыянальнай самасвядомасці, дзейнасць шматлікіх арганізацый у русле беларусізацыі былі аб'яўлены ў 1930 г. “прапагандай і выхаваннем нацыяналізму”. Пачалася кампанія па выяўленні так званай “нацыянал-дэмакратыі”, што паклала пачатак масавым рэпрэсіям, і палітыка беларусізацыі была згорнута.