Рэвальвер "Бельгійскі бульдог"


У калекцыі агнястрэльнай зброі, прадстаўленай у экспазіцыі Краязнаўчага музея, ёсць даволі цікавы экземпляр. Гэта рэвальвер “Бельгійскі бульдог”, які з’яўляецца прадстаўніком шматлікага класа кішэннай зброі. Ён быў выраблены ў Бельгіі ў 1878 годзе. Ствол, ручка і рама зброі маюць від адзінай дэталі, што надае ёй асаблівую трываласць. Даволі кароткі ствол і маленькая ручка робяць рэвальвер непрыкметным і пазбаўляюць яго лішняй вагі. Калібр збоі - 9 мм (.38 у арыгінале). Увесь корпус рэвальвера па-мастацку аформлены раслінным арнаментам.

Рэвальверы “бульдог” сапраўды можна лічыць класікай агнястрэльнай зброі. Іх прататыпам быў Webley № 2 Buldog. З прычыны гэтага “бульдогі” адрозніваюцца ад астатніх відаў барабаннай зброі такой дэталлю, як дзверцы барабана, якія адчыняюцца ўніз. Гэта зброя не толькі карысталася асаблівай папулярнасцю сярод еўрапейскага насельніцтва 2-й паловы ХІХ ст., але і «прыняла ўдзел» у такой гістарычнай падзеі, як замах на жыццё 20-га прэзідэнта ЗША.

Першапачаткова “бульдог” выпускалі толькі на Брытанскіх астравах, на фірме «Webley & Son», аднак папулярнасць і рост попыту на гэтыя рэвальверы спрыялі пашырэнню геаграфіі іх вытворчасці. Найбольш масавыя серыі былі выпушчаны зброевымі кампаніямі ЗША і Бельгіі. “Бульдогі” выкарыстоўваліся як грамадзянская і паліцэйская зброя, а ў некаторых краінах нават стаялі на ўзбраенні ў арміі і флоце.