Пісталет Браўнінг


З пісталета гэтай мадэлі Гаўрыла Прынцып забіў аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фердынанда, Браўнінг насіў Ленін, з такога пісталета, па дадзеных рэвалюцыйнага следства, страляла Фані Каплан ...

Джон Мозес Браўнінг - вядомы амерыканскі канструктар агнястрэльнай зброі. У канцы ХІХ ст. ён стварыў самазарадны пісталет калібра 7,65 мм з аўтаматыкай, які працаваў на аддачы свабоднага затвора. Каробчаты магазін устаўляўся ў рукаяць, а зваротна-баявая пружына знаходзілася над ствалом. Пісталет з нестандартнай кампаноўкай не выклікаў энтузіязму ў амерыканцаў, аднак у Еўропе навінку хутка ацанілі. З 1899 г. пісталеты сталі выпускаць на бельгійскай фірме «Fabrique Nationale d'Armes de Guerre». Зброя атрымала назву «Пісталет Браўнінга ўзору 1900 года». Пісталеты Браўнінга - адны з нешматлікіх, якія атрымалі імя ад свайго сапраўднага стваральніка.

У пачатку ХХ ст. з Браўнінгам не мог параўнацца ні адзін аўтаматычны пісталет у свеце. Надзейны, лёгкі, а галоўнае - зручны, Браўнінг стаў эталонам кішэннай зброі. Створаныя Дж. Браўнінгам патроны калібра 7,65 мм з бяздымнага пораху значна пераўзыходзілі патроны з дымным порахам як па магутнасці, так і па балістычных паказчыках. Хуткастрэльны пісталет стаў вельмі зручным для сакрытага нашэння. Гэтыя перавагі канчаткова ліквідавалі канкурэнта - рэвальвер. У 1903 г. была выпушчана яшчэ адна мадэль пад калібр 9 мм, і гэта ўжо быў сапраўдны армейскі пісталет. Канструкцыя была вельмі ўдалай, і ён быў прыняты на ўзбраенне арміі, паліцыі і жандармерыі.

Да сённяшняга дня складана прыдумаць нешта больш зручнае для нашэння пры сабе. З'яўленне Браўнінгаў стала свайго роду рэвалюцыяй у збраёвай справе. Іх канструкцыя вызначыла развіццё большасці сучасных пісталетаў.

Пісталет Браўнінг, а таксама іншыя мадэлі легендарнай зброі сёння можна ўбачыць у экспазіцыі Краязнаўчага музея.