Пячатка з двума гербамі


Без пячаткі нельга ўявіць сабе ніводны афіцыйны дакумент; яе наяўнасць гарантуе сапраўднасць любой дзелавой паперы. Першыя пячаткі з'явіліся на тэрыторыі сучаснай Сірыі, Палесціны, Малой Азіі і інш.

На Беларусі пячаткі вядомы з Х ст. Самай старажытнай, якая збераглася да нашага часу, з'яўляецца пячатка полацкага князя Ізяслава Уладзіміравіча (? -1001). Нашы продкі выкарыстоўвалі пячаткі для пацвярджэння сапраўднасці дакумента. З цягам часу з'явіліся гарадскія, манастырскія, цэхавыя, прыватнаўласніцкія, урадавыя пячаткі. Паняцці "пячатка" і "адбітак пячаткі" ў сучаснай мове цесна пераплятаюцца. Пячаткай правільна называць адбітак, які рабіўся штэмпелем або матрыцай. Апошнія вырабляліся з розных матэрыялаў: метал, косць, рог, камень і інш.

У экспазіцыі Краязнаўчага музея сёння можна ўбачыць некалькі пячатак. Да найбольш цікавых і ўнікальных адносіцца пячатка з выявамі "Пагоні" і "Аленя" перыяду ХVІ - першай паловы ХVІІ стст. Пячатка з каменя-пескавіка мае форму няправільнага чатырохкутніка. З двух бакоў на ёй высокамастацкія рэльефныя геральдычныя выявы, якія выкананы ў тэхніцы разьбы. На вонкавым баку можна ўбачыць выяву ўзброенага вершніка з занесеным мячом у адной руцэ і шчытом у другой. Гэта "Пагоня" - дзяржаўны герб Вялікага княства Літоўскага, у склад якога Полацк уваходзіў з 1307 г. На адваротным баку - выява аленя, які бяжыць, з дэкаратыўнай віньеткай. "Алень" - герб Віцебскага ваяводства, якое існавала з 1506 г. да моманту ўваходжання Віцебска ў склад Расійскай імперыі ў 1772 г.

Адлюстраванні "Пагоні" і "Аленя" негатыўныя, што дае падставу лічыць дадзеную плітку штампелем, або матрыцай, для вырабу пазітыўных выяў. Даследчыкі лічаць, што ёй маглі кляйміць тавар: воск, цагліны, кафлі, а таксама выкарыстоўваць у якасці штампа для адбітка медальёнаў на скуры.

Пячатка была перададзена ў 1987 г. Тарасавым С.В., кіраўніком археалагічных раскопак у Полацку на Вялікім пасадзе. Яна з'яўляецца каштоўным помнікам беларускай сярэднявечнай сфрагістыкі, прыкладам тонкай ручной работы.


Выява
Выява