Сярэбраны талер-яфімак


У сярэдзіне XVII ст. у выніку ваенна-палітычных дзеянняў Аляксея Міхайлавіча ўсходнія землі Рэчы Паспалітай, у тым ліку і сучасныя землі Беларусі, апынуліся пад уладай рускага цара. Расіі спатрэбіліся грошы для ажыццяўлення гандлю з новымі ўладаннямі. Паўстала пытанне аб неабходнасці чаканкі новай манеты, набліжанай да еўрапейскага ўзору. На сучасных беларускіх землях у абарачэнні былі еўрапейскія манеты: пражскі грош, англійскі нобель, венгерскі дукат і інш. Купцы ў грашовых разліках карысталіся буйной сярэбранай манетай – талерам. У аснове ж расійскага грашовага абарачэння ляжала маленькая сярэбраная капейка. Руская капейка, знаёмая насельніцтву памежных руска-польскіх земляў, гублялася сярод буйных наміналаў заходнееўрапейскага тыпу.

Адсутнасць буйной плацёжнай адзінкі была недахопам рускай манетнай сістэмы. Аляксей Міхайлавіч пачаў актыўна выкарыстоўваць еўрапейскія сярэбраныя талеры як сыравіну гарантаванай якасці: устойлівая вага, стабільная проба, засведчаная дзяржаўнымі штэмпелямі заходніх краін. На рускіх землях талер атрымаў назву “яфімак” – скажоная назва “іаахімсталер”, якая паходзіла ад горада Іаахімава, дзе гэтая манета была ўпершыню адчаканена ў 1518 г. З цягам часу больш звыклае для славянскага вуха слова распаўсюдзілі на ўсе высакапробныя заходнія манеты вагой 28-32 г, аднак для асобных тыпаў бытавалі спецыяльныя назвы. Шведскія далеры, на якіх змяшчалася выява караля з непакрытай галавой, называліся “пляшыўцамі”, дацкія далеры з фігурай караля ва ўвесь рост і адной нагой, прыкрытай гербавым шчытом, называліся “адзінаногамі”.

У 1654 г. была зроблена спроба стварэння рускай буйной сярэбранай манеты еўрапейскага ўзору: былі выпушчаны першыя сярэбраныя рублёвікі, якія перачаканьваліся з заходнееўрапейскіх талераў. Аднак яна не была паспяховай. У наступным 1655 г. баярская дума прыняла рашэнне яфімкам адвесці ролю знешняй манеты спецыяльнага назначэння – для выплаты жалавання войскам за старой мяжой Расіі. На кожную манету наклалі рускае кляймо, надчаканіўшы яе двумя штэмпелямі. Адзін – круглы, у выглядзе рускай капейкі, другі – прамавугольны, з датай “1655”. Назву такая манета атрымала “яфімак з прызнакам”. Сёння ў экспазіцыі Краязнаўчага музея можна ўбачыць гэту незвычайную манету. Чаканена яна была ў 1611 г., а надчаканена – у 1655 г. Знайшлі “яфімак з прызнакам” у 1979 г. падчас правядзення археалагічных раскопак на Верхнім замку пад кіраўніцтвам В. Булкіна. Ля паўночна-ўсходняй сцяны старажытнага Сафійскага сабора на глыбіні амаль метра праляжала яна некалькі стагоддзяў. Важыць сярэбраны талер-яфімак больш за 28 г. З ліку іншых манет, якія прадстаўляюць грашовае абарачэнне Расіі XVI-XIX стст., ён выдзяляецца якасцю чаканкі і з’яўляецца асаблівым прыкладам міжнароднай грашовай адзінкі.

З пункту погляду эканамічнай выгоды талер-яфімак заклаў асновы двухбаковага гандлю паміж заходнімі і ўсходнімі землямі, хоць і выкарыстоўваліся талеры на тэрыторыях, дзе звыклымі былі дзянга і капейка, толькі ў якасці сыравіны для манетнай чаканкі і крыніцы ювелірнага серабра. Тым не менш, яфімкі заставаліся ў рускім абарачэнні да пачатку 1659 г., калі на іх устанавілі забарону і пачалі выкупаць у насельніцтва і выкарыстоўваць для чаканкі дробнай сярэбранай манеты.