Падручнік “GRAMMATYKA LACINSKA PIJARSKA”


У 1740-50-я гг. у піярскіх школах была праведзена маштабная рэформа, згодна якой былі значна пашыраны курсы практычных дысцыплін: матэматыкі і прыродазнаўства, свецкіх гуманітарных навук і замежных моў. Апроч таго, новаўведзеныя прадметы павінны былі выкладацца па новых падручніках, напісаных ці перакладзеных самімі піярамі. Ініцыятарам адукацыйных зменаў быў Станіслаў Канарскі, які ў 1741 г. заняў пасаду кіраўніка правінцыі ордэна піяраў у Польшчы. Сам С.Канарскі падрыхтаваў новую граматыку лацінскай мовы. “Без граматыкі ўся навук будова, нібы ўзведзеная без падмурка, хістаецца і паваліцца мусіць,” - сказаў ён. Падручнік так і называўся “Граматыка лацінская піярская” (“GRAMMATYKA LACINSKA PIJARSKA”). Кніга часам выдавалася ананімна, без пазначэння прозвішча аўтара. Яна была ўведзена ва ўсіх айчынных піярскіх школах і праз сваё простае і зразумелае тлумачэнне набыла вялікую папулярнасць, некалькі разоў перавыдавалася.

У экспазіцыі Краязнаўчага музея захоўваецца “GRAMMATYKA LACINSKA PIJARSKA” 1824 г. выдання, якая выйшла ў Бярдзічаве ў друкарні кармелітаў босых. Гэтай кнігай маглі карыстацца навучэнцы Полацкага вышэйшага піярскага вучылішча, якое было пераведзена ў Полацк з Віцебска ў 1822 г. і размяшчалася ў будынках былой езуіцкай Акадэміі да 1830 г. Падручнік адрозніваўся ад сваіх пераважна лацінамоўных папярэднікаў выкладаннем трох чвэрцяў тэарэтычнага матэрыялу на польскай мове. Вучэбны матэрыял пададзены ў форме пытанняў і адказаў. Граматыка падзелена на 4 часткі: аб правапісе, аб часцінах мовы, аб сінтаксісе, аб прасодыі; напрыканцы змешчаны лаціна-польскі слоўнічак. Цікавы раздзел “Выслоўі, якія моладзь павінна перакласці з мовы старажытных аўтараў і не без карысці завучыць на памяць” прапаноўваў крылатыя выразы пра мудрасць і справядлівасць, цярпенне і павагу, а таксама іншыя чалавечыя якасці.