Да 290-годдзя з дня нараджэння Іраклія Лісоўскага – полацкага ўніяцкага архіепіскапа

Лісоўскі Іосіф нарадзіўся ў сям’і прадстаўнікоў старажытнага беларускага шляхецкага роду ў Полацкім ваяводстве ў 1734 г. і быў ахрышчаны паводле каталіцкага веравызнання. Першапачатковую адукацыю атрымаў у дамініканскай школе ва Ушачах, дзе ўступіў у Базыльянскі ордэн, прыняўшы імя Іраклій. Лісоўскі завяршыў сваю адукацыю ў вышэйшым вучылішчы гэтага ж ордэна пры Полацкім Сафійскім кафедральным саборы. Менавіта ў Полацку Іраклій атрымаў святарскія пасведчанні і некаторы час нават выконваў функцыі настаяцеля кляштара. Будучы архімандрытам Ануфрыеўскага манастыра Мсціслаўскага ваяводства, а затым і архіепіскапам Полацкім, Іраклій праявіў сябе прыхільнікам уніяцкага богаслужэння і абраду (выступаў за ачышчэнне абраднасці ад лацінскіх запазычанняў). На пачатку свайго архіпастырскага служэння ён звярнуўся да Папы Рымскага з просьбай аднавіць унію ў яе першапачатковым выглядзе і адмяніць усе новаўвядзенні, якія ўвайшлі ў богаслужэнне праз базыльян пасля 1595 г. Не дачакаўшыся ў сваіх пачынаннях дапамогі з Рыма, архіепіскап Іраклій вырашыў звярнуцца за падтрымкай да рускага ўраду, праследуючы мэту паслаблення ўплыву ордэна базыльян у Полацкай епархіі (ордэну належалі шматлікія маёнткі, з яго членаў прызначаліся вышэйшыя духоўныя асобы, базыльяне ведалі адукацыяй юнацтва). Напрыклад, каб вывесці ўніяцкую моладзь з-пад уплыву базыльянаў, арцыбіскуп Іраклій стаў прасіць аб заснаванні ў Полацку духоўнай семінарыі. Такая дзейнасць Лісоўскага ў базыльянскім ордэне не віталася і ў 1795 г. супрацьстаянне дасягнула апагею, калі архіепіскап Іраклій, даручыўшы епархію свайму аднадумцу архіпрэсвітару Полацкай кафедры Яну Красоўскаму, пайшоў у Іерусалім шукаць духоўнай дапамогі. Ён вярнуўся праз год, маючы аблічча праваслаўнага святара: з барадой, доўгімі валасамі, пакрытымі белай скуф’яй, у адзенні, падобным на расу праваслаўнага духавенства, толькі з вузкімі рукавамі. Так ён выглядаў да сваёй смерці 30 жніўня 1809 г. Дзякуючы намаганням І. Лісоўскага, ў Полацку была адкрыта семінарыя для белага духавенства; ён садзейнічаў выданню царскага дазволу для ўніятаў, якія прынялі лацінскі абрад, вярнуцца да папярэдняга веравызнання; дамогся ад імператара Аляксандра І стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для ўніятаў, старшынёй якога стаў; спрыяў выданню загаду Пецярбургскай рымска-каталіцкай калегіі пра скасаванне 54 базыльянскіх манастыроў; забараніў уніяцкім святарам процідзейнічаць схіленню, нават часам гвалтоўнаму, сваіх вернікаў у праваслаўе.