Полацкаму Кургану бессмяротнасці - 55!

Над Дзвіной бессмяротнасці помнік стаіць,

Ён насыпан людскімі рукамі,

Ля падножжа агонь вечнай славы гарыць

І не згасне агонь той вякамі…

Менавіта такімі радкамі пачыналася песня, напісаная палачанамі Надзеяй Ярмак і Мікалаем Пятрэнка, якія ведалі пра Вялікую Айчынную вайну асабіста. Гэтая песня гучала падчас адкрыцця полацкага Кургана бессмяротнасці 3 ліпеня 1966 г. Помнік мужнасці і адвагі воінам, партызанам і мірным жыхарам полацкай зямлі ўжо 55 гадоў з’яўляецца месцам памяці і вялікай павагі.

Тэрыторыя для яго будаўніцтва была абрана невыпадкова. Так званая “батарэя” каля Зялёнага вострава ў 1960-я гг. была добра вядома кожнаму даросламу палачаніну. Яшчэ ў 1812 г. на тым узвышшы размяшчаліся артылерыйскія рэдуты арміі Напалеона, якая акупавала Полацк амаль на два месяца. У сярэдзіне ХХ ст. бюро Полацкага гаркама партыі прыняло рашэнне аб стварэнні менавіта там Кургана бессмяротнасці і закладцы парка культуры і адпачынку. Адной з вызначальных задач стала захаванне памяці аб героях Вялікай Айчыннай вайны і выхавання падрастаючага пакалення на прыкладах мужнасці яе ўдзельнікаў.

8 чэрвеня 1966 г. а 4-й гадзіне ў напрамку Задзвіння накіравалася святочная калона палачан. Працоўныя, служачыя, моладзь с песнямі і кветкамі рухаліся ў бок Зялёнага вострава. На мітынгу П.Г. Якаўлевіч, Першы сакратар гаркама партыі, распавядаў, што зямлю для Кургана прывезлі з розных месцаў - брацкіх могілак і індывідуальных пахаванняў воінаў Віцебшчыны, Брэсцкай крэпасці, Мінска, некаторых гарадоў РСФСР. У падножжы помніка будзе замуравана капсула з завяшчаннем нашчадкам і запалены вечны агонь. Так пачыналася будаўніцтва Кургана бессмяротнасці, на якое палачанам спатрэбілася меней аднаго месяца. Будавалі, як кажуць, усім светам, і праз гады ўдзельнікі будоўлі будуць распавядаць сваім дзецм і ўнукам аб удзеле ва ўсталяванні помніка.

Урачыстае адкрыццё Кургана бессмяротнасці адбылося 3 ліпеня 1966 г. У 12 гадзін дня да падножжа помніка, дзе з чырвонымі стужкамі праз плечы выстраіліся ветэраны вайны, дэлегацыі ад прадпрыемстваў і ўстаноў горада і раёна, прыбыла эстафета з вечным агнём, узятым на плошчы Перамогі ў Мінску. Выступленні перад тысячамі сабраўшыхся прадстаўнікоў кіраўніцтва горада, Герояў Савецкага Саюза З.М. Тусналобавай-Марчанка і Б.Р. Гетца, начальніка штаба 6-й Гвардзейскай Арміі В.А. Пянькоўскага і інш. былі гарачымі і ўсхваляванымі. Ганаровае права разрэзаць чырвоную стужку і запаліць верхні агань на Кургане атрымаў Б.Р. Гетц, а вечны агонь  ля падножжа помніка запаліў Герой Савецкага Саюза В.А. Яронька. Да позняга вечара на Зялёным востраве гучалі песні, ладзіліся выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці, на спартыўных пляцоўках спаборнічалі валейбалісты, бегуны і гарадошнікі.

У тым жа 1966 г. пачалося актыўнае будаўніцтва парка культуры і адпачынку імя 50-годдзя Савецкай улады, дзе ўжо летам 1967 г. ля фантана і па заасфальтаваных алеях Юбілейнай, Школьнай, Перадавікоў і інш. гулялі натоўпы палачан, на цэнтральнай эстрадзе выступалі вакалісты і музыканты, дзеці каталіся на атракцыёнах, а спартсмены спаборнічалі на спецыяльных пляцоўках.

Прайшлі гады, але і сёння Курган бессмяротнасці з’яўляецца адным з самых галоўных полацкіх помнікаў, дзе праходзяць мітынгі і патрыятычныя акцыі, куды прыходзяць маладажоны і ўскладваюць кветкі, аддаючы даніну памяці героям Вялікай Айчыннай вайны. У 2021 г. новы подых атрымаў парк культуры і адпачынку імя 50-годдзя Савецкай улады. Да парадку прыведзены алеі, высечаны зараснікі хмызняку, усталяваны новы мост праз ручай. Есць планы і на будучыню. Галоўнае – захаваць памяць аб неўміручым подзвігу палачан у абароне незалежнасці роднай зямлі, нашай Бацькаўшчыны.

Наплываюць з нізін на курган туманы,

Задумленныя сосны гамоняць.

Аб героях паснуўшых спяваюць яны,

І аб тым, што жывыя іх помняць.