Гандлёвыя сувязі Полацка ў X-XVI стст.

Полацкая зямля - адно з буйнейшых і самых ранніх ва Усходняй Еўропе дзяржаўных утварэнняў. Цэнтрам Полацкага княства-дзяржавы на працягу многіх стагоддзяў быў Полацк, які займаў зручнае геаграфічнае становішча. Горад быў размешчаны на берагах дзвюх рэк - Заходняй Дзвіны і Палаты. Праз іх праходзіў міжнародны гандлёвы шлях, які аб'ядноўваў краіны Поўдня і арабскага Усходу з гарадамі Паўночнай Русі і скандынаўскімі краінамі, а пазней - з нямецкімі ганзейскімі гарадамі Заходняй Еўропы. Полацк быў не толькі буйнейшым транзітным горадам: ён сам пастаўляў на сусветны рынак тавары свайго ўласнага вырабу: воск і мёд, скуры і футры, хмель і розныя пароды дрэва. Аддаючы суседзям свае ўласныя прадукты, Полацк узамен атрымліваў тавары з іншых краёў. Прывезеныя з розных куткоў свету рэчы сёння можна ўбачыць на новай выстаўцы Гандлёвыя сувязі Полацка ў X-XVI стст. у Краязнаўчым музеі.